Кожны панядзелак, чацьвер і суботу Аляксандар Лукашэнка
ўвечары гуляе ў хакэй. Паводле словаў дырэктара Менскага палацу спорту
Мікалая Фралова, гэта самыя клопатныя гадзіны для супрацоўнікаў галоўнай
спартовай арэны Беларусі.
Тры разы на тыдзень, пачынаючы зь 5-й гадзіны ўвечары, у Менскім палацы
спорту гаспадарыць служба аховы Лукашэнкі. Хлопцы ў чорным ходзяць па кабінэтах,
не зважаючы на тое, што гэтым замінаюць працаваць. Кожны мэтар тэрыторыі
правяраецца на прадмет чысьціні ад выбуховых прыстасаваньняў ды ўласна
зламысьнікаў. Бліжэй да 18:30 ўсе пад’езды да лядовае пляцоўкі блякуюцца,
бо прыблізна праз паўгадзіны на праспэкце Машэрава мусіць зьявіцца браняваны
“Мэрсэдэс” Лукашэнкі. Тым часам ахоўнікі займаюць стратэгічныя пазыцыі,
і амаль да 10-й вечара Палац спорту застаецца зачыненай зонаю.
А яшчэ за гадзіну да зьяўленьня галоўнага хакэіста краіны зьбіраюцца
ягоныя партнэры па гульні. Гэта памочнік Лукашэнкі ў справах спорту і капітан
хакэйнае каманды чыноўнікаў Цяцерын, міністар спорту Варсін, адзін з трэнэраў
нацыянальнае хакэйнае зборнай Захараў, віца-прэзыдэнт фэдэрацыі футболу
Курбыка, прэзыдэнт фірмы “Трайпл” Чыж ды іншыя. Сёньня яны выглядаюць вельмі
напружанымі, бо ў папярэднім матчы неяк неабачліва абгулялі самога Лукашэнку.
Дакладна вядома, што паразу на пляцоўцы ён успрымае гэтак жа балюча, як
і маршы апазыцыі. Яшчэ кажуць, што свае самыя неверагодныя дэкрэты Лукашэнка
выдаваў якраз пасьля няўдалых гульняў.
Нешта дакладна сьцьвярджаць у гэтай справе цяжка, бо трапіць на матчы
ў якасьці заўзятара немагчыма. Лукашэнка асабіста распарадзіўся, каб нікога
“лішняга” на трыбунах не было. Ды й наўрад ці ён пацярпеў бы, каб яго нехта
абсьвістаў. Пад час гульні да лініі аховы дапускаюць толькі дырэктара Палацу
спорту. Не ў якасьці гледача, а каб аддаць яму загады ў адпаведнасьці з
сытуацыяй.
Дырэктар Палацу спорту Мікалай Фралоў скардзіцца, што горш за ўсё, калі
даводзіцца кідаць усе справы й нешта сьпешна рабіць да прыезду высокіх
гульцоў. Напрыклад, сёньня патэлефанавалі са службы аховы Лукашэнкі й загадалі
нанава заасфальтаваць дарогу да лядовае пляцоўкі. Напярэдадні прыйшоў загад
усталяваць дадатковую сыстэму кандыцыяваньня, бо Лукашэнка ў запале гульні
моцна пацее. Кожны дзень адмысловая каманда шліфуе лядовае пакрыцьцё для
галоўнага хакэіста краіны…
Але, паколькі Палац спорту зьяўляецца арганізацыяй “на гаспадарчым разьліку”,
сродкі на такія прыхамаці даводзіцца выдаткоўваць з уласнага бюджэту. А
гэта адчувальна, бо грошай не хапае нават на просты рамонт. Пасьля 35 гадоў
эксплюатацыі абсталяваньне патрабуе сур’ёзнай абновы.
Я паспачуваў дырэктару, узгадаўшы час, калі Лукашэнка захапляўся вялікім
тэнісам, а Палац спорту, на шчасьце адміністрацыі, корты так і не займеў.
На што дырэктар адказаў: “Мы былі шчасьлівыя, калі прэзыдэнт займаўся тэнісам.
Але тэніс – гульня індывідуальная. А наш прэзыдэнт любіць быць у цэнтры
калектыўнае ўвагі”.
Ігар Карней, Менск