Звароты ў пракуратуру прадстаўнікоў апазыцыі са скаргамі на дзеяньні
супрацоўнікаў міліцыі за апошнія гады ў Беларусі сталі звычайнай справаю.
Таму заява дэпутата Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Вячаслава Герасіменкі
нікога б не зьдзівіла, калі б не была выкліканая такімі дзіўнымі абставінамі.
Сёньня дэпутат Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Вячаслаў Герасіменка,
які жыве ў Петрыкаве, за 300 кілямэтраў ад сталіцы, вымушаны быў прыехаць
у Менск. Ён перадаў сваю заяву ў пракуратуру Першамайскага раёну сталіцы.
Спадар Герасіменка патрабуе ўзбудзіць крымінальную справу супраць супрацоўніка
Першамайскае раённае міліцыі за службовы падман. Гэты міліцыянт сваімі
рапартамі зрабіў з дэпутата нейкага дзіўнага зламысьніка, які нібыта час
ад часу прыяжджае зь Петрыкава ў Менск, каб… выкінуць у сталіцы сьмецьце.
Прычым, робіць гэта заўжды ў адным і тым жа месцы – на вуліцы Талбухіна,
і ў адзін і той жа час – а 7-й увечары…
Гісторыя гэтая пачалася месяц таму. Вячаслава Герасіменку нечакана выклікалі
ў адміністрацыйную камісію Петрыкаўскага раённага выканкаму. Тут яму паказалі
пратакол, які прыйшоў з Першамайскага РАУСу Менску. У ім сьцьвярджалася,
што Вячаслаў Герасіменка 10 красавіка а 19-й гадзіне кідаў сьмецьце на
вуліцы Талбухіна ў Менску. Цікава, што пашпартныя дадзеныя былі сапраўдныя,
але асабістага подпісу Герасіменкі ў пратаколе не было, а прозьвішчы участковага
міліцыянта й сьведкі былі неразборлівыя.
Але дэпутат Герасіменка ў гэты дзень нікуды зь Петрыкава не выяжджаў,
і мае сьведкаў, якія гэта пацьвярджаюць. Дык у чым жа тут справа?
Вось як адказвае на гэтае пытаньне Вячаслаў Герасіменка:
(Герасіменка: ) “Я зразумеў, што гэта – не выпадковасьць, паколькі ў
гэтым пратаколе былі мае пашпартныя дадзеныя. Паколькі свой пашпарат я
нікому не даваў, значыць іншы чалавек ня мог назвацца маім імем. Гэта была
заплянаваная акцыя. Пачаўшы яе раскручваць я да сваёй радасьці знайшоў
стопрацэнтны доказ, што я ў гэты дзень у Менску ня быў. 10 красавіка я
адзначаўся ў цэнтры занятасьці гораду Петрыкаў. Ёсьць яшчэ сьведкі, якія
пацьвярджаюць, што я ў гэты час быў у горадзе Петрыкаў. І таму можна загадзя
сказаць, што правакацыя, якая была супраць мяне арганізаваная, павінна
пацярпець паразу. Але зайшоўшы ўчора ў Петрыкаўскі райвыканкам, я зноў
убачыў два пратаколы (адразу два!), што аказваецца, я тры разы запар прыяжджаў
зь Петрыкава ў Менск і тройчы у адным і тым жа месцы ў адзін і той жа час
(19.00) кідаў сьмецьце, і пры гэтым быў адзін і той жа сьведка, які бачыў,
як я гэта рабіў”.
(Карэспандэнт: ) “Ці зьбіраецеся Вы, спадар Герасіменка, нейкім чынам
зьвярнуць увагу на гэтую справу з боку грамадзкасьці, міжнародных арганізацыяў?”
(Герасіменка: ) “Паколькі сёньня ў Беларусі любая справа толькі тады
дае вынік, калі яна знаходзіцца перш-наперш пад кантролем АБСЭ, я маю намер
на наступным тыдні перадаць такую заяву кіраўніку місіі АБСЭ ў Беларусі
спадару Віку”.
Вось такая дзіўная гісторыя адбываецца з дэпутатам Герасіменкам.
Уладзімер Глод, Менск