Сёньня

Сёньня спаўняецца дзесяць гадоў зь дня ўсталяваньня партнэрскіх і сяброўскіх дачыненьняў паміж Полацакам і нямецкім местам Фрыдрыхсгафэн. З гэтай нагоды на Полаччыну прыехала прадстаўнічая нямецкая дэлегацыя на чале з намесьнікам обэр-бургамістра Фрыдрыхсгафэну доктарам Зігам. Палачане гасьцінна сустрэлі сяброў, падрыхтавалі для іх багатую культурніцкую праграму, аднак зьязджалі немцы ня ў самым лепшым настроі.

Прымалі нямецкую дэлегацыю, у склад якой уваходзіла 15 чалавек, надзвычай гасьцінна. Пра гэта паведаміў у часе афіцыйнай сустрэчы у полацкім гарвыканкаме доктар Зіг. Кіраўнік дэлегацыі адзначыў таксама, што Полацак і Фрыдрыхсгафэн заснаваны прыкладна ў адзін і той жа час, гарады шмат бачылі на сваім вяку, і таму папаросту абавязаныя сябраваць. Немцы прыехалі не з пустымі рукамі, і па старой завядзёнцы прыгналі ў якасьці падарунка чатыры легкавых аўтамашыны і прывезьлі мэдабсталяваньне, а таксама харчовыя прадукты, і цяпер кожны палачанін атрымае ад сваіх нямецкіх сяброў чакалядку і бутэльку алею.

Заўважым, што падобныя падарункі робіць штогод Фрыдрыхсгафэнскі бізнэсовец доктар Фрэнкель, які колісь ваяваў на Беларусі ў складзе Вэрмахту, а сёньня з пачуцця віны ці са спагады да беларусаў шле ім алеі і чякаляды. Прывезьлі нямецкія сябры і 9.000 дойчмарак, пры гэтым 5.000 яны перадалі школе-інтэрнату, а 4.000 хацелі раздать палачанам, якія церпяць нястачу. На мінулые Каляды немцы ўжо рабілі падобную акцыю і ўласнаручна перадалі старым і нямоглым людзям па 25 марак. Цяпер па 20 марак павінны былі атрымаць 200 палачанаў, аднак раздаць грошы ня лёсіла, таму што ў справу ўмяшаліся прадстаўнікі падаткавых ворганаў. Яны растлумачылі гасьцям, што, паводле дзейнага заканадаўства, дойчмаркі трэба абмяняць па афіцыйным курсе на беларускія рублі, выплаціць з гэтай сумы падаходны падатак, і толькі потым грошы можна раздаць людзям. Пачуўшы такое, немцы не хавалі свайго зьдзіўленьня. Яны паспрабавалі растлумачыць, што гэта дарунак, які не павінен абкладацца падаткам, і ў адказ пачулі, што дзеля дарунку трэба аформіць афіцыйныя паперы на кожнага з 200 грамадзянаў, а паколькі такіх папераў няма, падатак мусіць быць сплачаны.

Учора нямецкая дэлегацыя зьехала на Радзіму, даручыўшы раздачу грошай мясцоваму аддзелу сацыяльнай абароны.

Вінцэcь Мудроў
Наваполацак