Вільня

Вiльня — сталiца Вялікага Княства Літоўскага, сэрца краю, крывіцкая Мэкка. Той, хто не вывучаў у школе паэму Якуба Коласа «Новая зямля», можа й ня ведаць, ШТО ў беларускай мове значыць слова «Вiльня». На працягу апошнiх 50-цi гадоў замест Вільні ў сьвядомасьці беларусаў праз расейскую мову ўкаранялася лiтоўскае слова "Вiльнюс". Гэтак крамлёўскiя ўладары ды iхныя менскiя намесьнiкi затушоўвалi наступствы сумнавядомага пакту Молатава-Рыбэнтропа. Беларусам пра сваё дачыненьне да старой сталiцы належала забыць.

У вынiку адчужэньне адбылося найперш у мове. Бо якое можа быць адчужэньне тэрытарыяльнае, няхай сабе i з памежнымi КПП, калi ад Вiльнi да Менску 180 км?! I што такое гэтыя 50 гадоў у параўнаньнi зь вечнасьцю! Вiльню апелі ў сваіх лепшых вершах Багдановiч, Колас, Жылка, Арсеньнева, Танк... А яшчэ раней узьніклі нашы народныя песьні, прыказкі i прымаўкі. «Рабi пiльна, — казаў менскі бацька свайму недалыгу-сыну, — i тут будзе Вiльня...» У нашым фальклёры Вiльня — гэта горад УВОГУЛЕ, гэтаксама як, напрыклад, рака ўвогуле — Дунай. Сярод старых беларускiх прыказак можна сустрэць i знаёмыя: «Не адразу Вiльня будавалася», «Язык да Вiльнi давядзе»...

Гісторыкі кажуць, што заснавалі гэтае паселішча крывічы і называлася яно адпаведна — Крывым горадам. Існуе паданьне, што тут спыняўся на начлег вялікі князь Гедымін і сасьніў сон: вялізнага жалезнага ваўка, а ў ім — мноства маленькіх ваўкоў. Паклікаў князь свайго варажбіта, і той растлумачыў сон так: на гэтым месцы мусіць паўстаць сталіца княства — Вільня. Нібыта за тое, што варажбіт рАдзіў Вільню, яго й празвалі Радзівілам... Праўда, сучасныя навукоўцы не давяраюць легендзе і выводзяць Вільню ад назваў рэчак Вяльлі і Вялейкі або Віленкі, пры сутоцы якіх і быў закладзены горад.

Насуперак ранейшай прамаскоўскай палiтыцы, мы павiнны вярнуць у беларускую мову сваё слова «Вiльня». I гэта будзе не прэтэнзія, а звычайная для сучасных моваў практыка называньня ЧУЖЫХ гарадоў, якiя маюць дачыненьне да СВАЁЙ гiсторыi й мовы. Калi лiтоўцы называюць нашыя гарады ГАрдiнасам і НаўгардУкасам, яны тым самым ня робяць тэрытарыяльнага захопу. Проста для iхнай гiсторыi, культуры й адукацыi гэта вельмi важна. Як для нас вельмi важна ня блытаць уласных школьнiкаў мудрагелiстымi вытлумачэньнямi, у якiм такiм Вiльнюсе Скарына надрукаваў першыя беларускiя кнiгi, у якiм такiм Вiльнюсе быў схоплены й павешаны Кастусь Калiноўскi, i ў якiм такiм Вiльнюсе Янка Купала рэдагаваў першую беларускую газэту «Наша Нiва», а пасьля яшчэ тлумачыць, што яны ўсе там рабiлi.

Любоў да беларушчыны немагчымая безь любовi да Вiльнi.

Сяргей Дубавец