Талерка

Калі вам пашчасьціла гуляць хоць раз на сапраўдным народным вясельлі, то, ведама ж, не забудуцца вясельныя ўпэўненыя маршы. Гэтак бывае ляскацяць, зьвіняць пляскатыя талеркі, б’ючыся адна аб другую, што і маршалак не перакрычыць, зазываючы да стала.

Быццам усе гукі сьвету зьбіраюцца ў мэталёвыя блішчастыя дыскі, і каму тут уздогад, што сьцішацца аркестравыя талеркі, адплывуць у памяць маршы, і застанецца сям’я сам-насам з клопатам пра іншую талерку – сваячку тых сьпеўных і вясёлых каваных віртуёзам-кавалём латкаў, талерку, якую трэба штодня поўніць спажываю. Гэта ж колісь годна казалі ў нашых краёх: “Госьць, ня дзьміся, еш, што ў місе”. А цяперака мы паціху ўсталявалі культ вялікавяльможнай талеркі. Каб жа нашая талерка была паўнейшаю, чым суседзкая, ды смачнейшым на ёй усё здавалася.

Сышло ў нябыт “Госьць, ня дзьміся, еш, што ў місе”. Гэтак жа сышоў у нябыт гонар тых шляхетных талеркаў, што цяпер зіхацяць парцалянаю ў зьнямелых залях былых палацаў. Здаецца, яшчэ тыя, княжыя, выкшталцоныя талеркі памятаюць сваё паходжаньне, роўнае дарагім нашым старажытным грашом – талерам, што займелі колісь назову ад нямецкага “талер”.

Затое ў нас ганарова над вокнамі пабліскваюць дыскі талеркаў спадарожнікавае сувязі, ды недзе пад самымі нябёсамі, кажуць, зьяўляюцца зрэдзьчасу талеркі-лятункі іншаплянэцянаў. Ім, напэўна, тут раскоша, сярод нашага талеркавага энтузіязму ды нязбытнай талерантнасьці.

Толькі мы ня ў сваёй талерцы – у нашым часе і ў нашай краіне. Але тое нам вырашаць. Не іншаплянэцянам.

Ніхто ж на талерачцы волі і шчасьця не падасьць.

Антаніна Хатэнка