На жаль, гэтае слова ня мае нічога агульнага з сэксам. Сынонімы
чэкісцкага скароту "секретный сотрудник" -- асьведамляльнік,
інфараматар, стукач, даносчык.
Тайныя памочнікі паліцыі існуюць ва ўсіх грамадзтвах - у
асноўным гэта люмпэны, асобы з крыміналізаванага асяродку, чыя дзейнасьць
гэтым асяродкам абмяжоўваецца. У таталітарных грамадзтвах стукачы становяцца
неад"емнай часткай дзяржаўнага мэханізму.
Савецкая ўлада зрабіла данос агульнадзяржаўнай справай. Партыя
абвясьціла, што галоўны вораг - унутраны. Паўлік
Марозаў стаўся культавай фігурай у дзіцячым садку і школе, у чытанках
і падручніках. Здрада была перкваліфікаваная ў геройства, пільнасьць
абвешчаная найвышэйшым абавязкам, за данос узнагароджвалі пасадай, кватэрай,
ордэнам.
Паводле некаторых падлікаў, да 3% савецкіх людзей зьяўляліся тайнымі
асьведамляльнікамі карных ворганаў; колькасьць дабраахвотных памочнікаў
не паддаецца падліку. Нярэдка сэксотамі станавіліся ня толькі з жаданьня
выслужыцца, зрабіць кар"еру, але і пасьля запалохваньня і шантажу.
У пэўным сэнсе сэксоты самі ахвяры нялюдзкай улады.
Нягледзячы на дзяржаўны статус, даносчык ўсё роўна выклікаў
агіду ў грамадзтве. У 70-я гады гэтую акалічнасьць скарыстаў савецкі КГБ
пад старшынствам Андропава: чэкісты распаўсюджвалі чуткі пра дысыдэнтаў,
быццам тыя зьяўляюцца стукачамі, і такім чынам эфэктыўна разбуралі дзейнасьць
групаў супраціву і кампрамэтавалі асобных дзеячоў.
У краінах усходняй Эўропы пасьля падзеньня камунізму былі абвешчаныя
імёны даносчыкаў, сталі вядомыя выпадкі, калі мужы даносілі на жонак,
вучні на настаўнікаў, сьвятары на вернікаў, якія прыходзілі да споведзі.
У Беларусі застаюцца засакрэчанымі нават прозьвішчы сталінскіх сэксотаў,
ня кажучы пра навейшыя гэнэрацыі брэжнеўска-гарбачоўскага і лукашэнкаўскага
часоў. У кніжцы "За кіпучай чэкісцкай работай" я надрукаваў некаторыя
прозьвішчы і мянушкі памагатых катаў. За некалькімі выключэньнямі, ні самі
яны, ні іхныя дзеці асабліва не пакрыўдзіліся. Рэакцыя грамадзтва -- вяла-абыякавая.
Тыя, каму гэта баліць, у большасьці сваёй сьпяць у безыменных магілах
Курапатаў, Поўначы і Сыбіру. Не забудземся пра іх.
Аляксандар Лукашук.