Савет - па-свойму ўнікальнае слова ў беларускай мове. Слова-паняцьце,
слова-сымбаль, слова-знак. Запазычаньне з расейскай, якое прыйшло
ў нашую мову толькі як абазначэньне пэўнай структуры, стала абазначэньнем
цэлай эпохі, ладу жыцьця. "За саветамі" - казалі і кажуць у Заходняй
Беларусі, як "за немцамі", "за палякамі".
У слове "Савет" уся гісторыя Беларусі XX стагодзьдзя - савецкі,
саветызацыя, антысавецкі, "саўковы".
У беларускай рэчаіснасьці Саветы зьявіліся, можна сказаць, раней
чым у беларускай мове. У 20-ыя гады ворганы кіраваньня яшчэ называліся
нармальным словам Рада, а сама Беларусь, ці дакладней яе ўсходняя частка,
была Радавая. "Чырвоным рубінам зьзяе Радавая Беларусь на мяжы СССР
і імпэрыялістычнага Захаду" - аптымістычна абвяшчаў лёзунг, дакладны адбітак
часу. Але паступова з працэсам саветызацыі жыцьця й мовы слова
"савет" выцясьняе спрадвечную беларускую "Раду". У 1927 годзе
зьяўляецца газэта "Савецкая Беларусь", а пасьля пачатку працэсаў
над "нацдэмамі" слова Рада ў савецкай Беларусі канчаткова становіцца
сымбалем усяго антысавецкага і контррэвалюцыйнага.
Далей гэтае выразнае разьдзяленьне толькі замацавалася і дайшло да канца
80-х, калі новыя адраджэнцы адплацілі савету той жа манэтай.
Цяпер "савецкім" падкрэсьлена называецца ўсё расейскае й савецкае
паводле сваёй сутнасьці й духу, а Радай - усё беларускае й міжнароднае.
Так, мы кажам Рада Бясьпекі ААН, Рада Эўропы, Рада БНР, але Савет
Фэдэрацыі Расеі, Савет вэтэранаў і, нарэшце, на жаль, Вярхоўны Савет.
Памятаю, як у 1992 годзе падчас паартыкульнага абмеркаваньня тэксту новай
Канстытуцыі Станіслаў Шушкевіч пераконваў дэпутатаў: сапраўды, няма слова
"советовать" у беларускай мове, але савет настолькі замацаваўся
ў нашай сьвядомасьці й рэчаіснасьці, што давайце яго пакінем. Большасьць
прагаласавала за Савет - гэта было знакам, гэта было сымбалем.
Беларусь і цяпер застаецца Краінай Саветаў.
Віталь Цыганкоў