У мяне так склалося жыцьцё, што я 25 гадоў ужо працую ў архэалёгіі. Часам
задаюць пытаньне: “Што ты там знайшоў? Зямлю капаеш, корпаесься, нейкую
старызну шукаеш”.
А я ніколі не забуду, як аднойчы, раскапаўшы рэшткі драўлянага насьцілу
– маставой 12 стагодзьдзя – мы па ім прайшлі (дарэчы, гэта было ў Менску),
і было такое адчуваньне, што да цябе, ці паміж табой і тымі людзьмі, якія
тады жылі, 800 гадоў таму, нічога не йснуе, нічога не было. Тады, дарэчы,
мы знайшлі побач з гэтай маставой лапаць, прычым лапаць сапраўдны, плецены,
і на ўсю Беларусь, на ўсю гісторыю беларускай архэалёгіі – гэта больш чым
50 гадоў – гэта было ўсяго толькі другая знаходка.
Самае дзіўнае, што ўжо ў ХІІ-ХІІІ стагодзьдзях нашыя продкі не хадзілі
ў лапцях, прынамсі ў гарадох. І калі кажуць, што Беларусь – лапатная краіна,
што тут жылі прыціснутыя да зямлі сяляне, якія нічога ня ведалі, не чыталі,
неадукаваныя – аказваецца ўжо ў ХІІ стагодзьдзі яны насілі выключна скураны
абутак.
Вось ёсьць такая загадка ў архэалёгіі. Розныя стагодзьдзі складаюць
розныя пласты – архэалягічныя пласты. І гэты пляст – гэта чыста рэальная
рэч, якая мае сваю таўшчыню. Дык вось самыя магутныя напластаваньні, самыя
тоўстыя – часам, яны дасягаюць і двух мэтраў, і трох – гэта ХІІ-ХІІІ стагодзьдзі,
і потым ХVІІ-ХVІІІ. А вось часы Скарыны, часы Гусоўскага, часы Вітаўта
ў культурных напластаваньнях не пакінулі вось гэтага слоя зямлі, пакінуўшы
па сабе толькі рэчы. І часам, у тым ліку і ў гарадох, – а паколькі я гарадошнік
і там у асноўным праводжу свае раскопкі – можна меркаваць аб стагодзьдзях
толькі па саміх рэчах – па кафлі, па кубачках і г.д. Парадокс! Самы сапраўдны.
Буяла культура, пісаліся кнігі, пісаліся вершы, пісаліся карціны, жыцьцё
ішло ў вялікай, магутнай дзяржаве – Вялікім Княстве Літоўскім, а слою зямлі
не нарасло.
Чаму? Можа сьмецьця не было, можа мала кідалі яго сабе пад ногі, можа
жыцьцё духоўнае больш напаўняла чалавека, чым хлеб будзёны?
І таму калі праходзіш шматлікія стагодзьдзі, ня дзіва, але менавіта нашае ХХ-е, як і ХІХ-е дарэчы, у гарадох таксама не пакіне нічога па сабе. Выпадковыя рэчы і ня больш за тое. Увогуле кажуць, што зараз, пасьля таго, як мы сыйдзем, нас ужо ня будуць шукаць у зямлі. Нас будуць шукаць па архівах, па кампутарах, паколькі мы пакідаем пасьля сябе столькі рознай інфармацыі, часам, абсалютна непатрэбнай… Сяргей Тарасаў