Як твіцяць прэзыдэнты

Акаўнт Хуга Чавэса ў Твітэры

Паводле дакладу Policy Council, у 2012 годзе лідэры 123 краінаў сьвету (гэта значыць кожныя тры з чатырох) выкарыстоўвалі Твітэр для зносін з насельніцтвам. Пра гэта піша гішпанскае выданьне ABC.

З 2011 года гэты паказчык вырас на 78%. У апошнія гады сацыяльныя сеткі сталі эфэктыўнай зброяй палітычных актывістаў. «Часта інтэрнэт-актывізм ўспрымаецца як пагроза урадам. Аднак у выніку Твітэр стаў папулярным сярод дзяржаўных дзеячаў: яны разумеюць выгады прамых зносін з грамадзянамі», — гаворыцца ў дакладзе. У дадатак Твітэр, у адрозьненьні ад традыцыйных СМІ, спрыяе «віруснаму», імкліваму распаўсюджваньню навінаў.

У дакладзе таксама прыведзена «верхняя дзясятка» лідэраў, у якіх больш за ўсё падпісчыкаў у Твітэры. Сярод іх няма ні аднаго эўрапейца (прэзыдэнт Францыі Франсуа Алянд на 16-м месцы). Затое твіты прэзыдэнтаў лацінаамэрыканскіх краін вельмі папулярныя: палітыкі абвяшчаюць новы курс, усхваляюць свае дасягненьні і камэнтуюць актуальныя тэмы.

Хто ж увайшоў у «верхнюю дзесятку» лідэраў-твіцяран? На першым месцы — Барак Абама (25672682 падпісчыкаў). Часам ён сам піша твіты і падпісвае іх сваімі ініцыяламі.

На 2-м месцы — прэзыдэнт Вэнэсуэлы Ўга Чавес (3.884.001 падпісчыкаў). Праз Твітэр ён меў зносіны з выбаршчыкамі прама з лякарні на Кубе.

3-е месца — прэзыдэнт Турцыі Абдула Гюль (2.666.493 падпісчыкаў).

4-е — каралева Ярданіі Ранія (2.520.520 падпісчыкаў).

На 5-м месцы — прэм’ер-міністар Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў. У яго два рахунак — на ангельскай і расейскай мовах, прычым рускамоўны больш папулярны (188.021 падпісчыкаў). Многія лідэры вядуць Твітэр на дзьвюх мовах, каб пашырыць аўдыторыю.

Месцы з 6-га па 9-е — прэзыдэнты, адпаведна, Бразыліі, Аргэнтыны, Калюмбіі і Мэксыкі. 10-е заняў прэм’ер-міністар Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў.

Да паведамленьня АВС варта дадаць, што ў кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі няма свайго рахунка ў Твітэры. Ён наагул стрымана ставіцца да сучасных камунікацыйных тэхналёгій, у лістападзе 2011 году падчас прэсавай канфэрэнцыі для расейскіх журналістаў ён сказаў: «Я магу гэтыя айпады або айпеды насіць, пальцамі тыкаць, але гэта непрэзыдэнцкае. Прэзыдэнт — гэта кансэрватыўная пасада. Калі прэзыдэнт наперадзе плянэты ўсёй, гэта выклікае сарказм грамадзтва». Аднак, як паведамляецца, нядаўна была зробленая мадэрнізацыя сайту кіраўніка Беларусі, якая каштавала 300 тысяч даляраў.

Пры падрыхтоўцы матэрыялу выкарыстаны пераклад парталу Inopressa.