Мозг білінгваў лепш працуе ў старасьці

Плякат Уладзіміра Крукоўскага пра "Білінгвізм".

Пра гэтую выснову, да якой прыйшлі навукоўцы ў выніку дасьледаваньняў, піша брытанская Daily Mail.

Дасьледчыкі з Мэдычнага каледжу ўнівэрсытэту Кентукі, ЗША высьветлілі, што ўрокі замежнай мовы, хай і з пакутлівымі практыкаваньнямі на вызначэньне роду назоўнікаў і падступнай пунктуацыі, ніколі не праходзяць марна.

Людзі сталага веку з дзьвюма роднымі мовамі і да шасьцідзесяці гадоў не губляюць вастрыні думкі.

колькасьць актыўных моваў у арсэнале чалавека ўплывае на дзейнасьць мозгу ў цэлым

Вынікі дасьледаваньняў паказалі, што «прыроджаныя» білінгвы — тыя хто, з дзяцінства гаворыць на дзьвюх мовах, — лягчэй пераключаюцца з адной інтэлектуальнай задачы на іншую ў параўнаньні з аднагодкамі-моналінгвамі.

Пры зборы матэрыялаў для дасьледаваньня з «прыроджанымі» білігвамі праводзіліся адмысловыя тэсты, вынікі якіх фіксавала магнітна-рэзанансная тамаграфія. Высьветлілася, што дзьвюхмоўныя пэнсіянэры, як правіла, выкарыстоўваюць магчымасьці свайго мозгу найбольш эфэктыўна.

Гэтыя высновы пацьвердзілі здагадкі навукоўцаў пра карысьць сыстэматычных інтэлектуальных нагрузак на працягу жыцьця чалавека.

Здольнасьць чалавечага мозгу адаптавацца да незнаёмых і непрадбачаных абставінаў з узростам зьніжаецца.

Але вынікі апошніх дасьледаваньняў дазваляюць зрабіць выснову аб тым, што гэтая здольнасьць захоўваецца даўжэй пры авалоданьні замежнымі мовамі. Верагодна, падобны эфэкт у паліглотаў дасягаецца дзякуючы сыстэматычнай практыцы пераключэньня паміж актыўнымі мовамі.

Вынікі дасьледаваньняў таксама прадэманстравалі, што колькасьць актыўных моваў у арсэнале чалавека ўплывае на дзейнасьць мозгу ў цэлым.

Для замераў мазгавой дзейнасьці людзей сталага веку без хранічных захворваньняў ва ўзросьце ад 60 да 68 гадоў каманда навукоўцаў Мэдычнага каледжу ўнівэрсытэту Кентукі на чале з доктарам Браянам Голд таксама выкарыстала мэтад магнітна-рэзананснай тамаграфіі.

У першым заданьні ўдзельнікі вызначалі форму фігуры — круг ці квадрат. У другім заданьні вызначалі колер — чырвоны альбо сіні, а ў фінале патрабавалася вызначыць як форму, гэтак і колер фігуры.

пажылыя білінгвы выкарыстоўваюць свой мозг больш эфэктыўна, чым іх аднагодкі з адзінай мовай

Аказалася, што як аднамоўныя, так і дзьвюхмоўныя пэнсіянэры беспамылкова справіліся з заданьнем. Аднак білінгвы і паліглоты выканалі трэцяе заданьне хутчэй. Згодна з вынікамі магнітна-рэзананснай тамаграфіі, пры яго выкананьні лобная доля галаўнога мозгу — вобласьць, адказная за пераключэньне паміж відамі дзейнасьці, — у гэтай групы тых, хто праходзіў тэст, была нагружаная мінімальна.

«Гэта дазваляе выказаць здагадку, што пажылыя білінгвы выкарыстоўваюць свой мозг больш эфэктыўна, чым іх аднагодкі з адзінай мовай», — адзначыў доктар Голд. «Вынікі дасьледаваньняў паказваюць, што валоданьне некалькімі мовамі ў сталым веку аказваецца найбольш карысным для правільнага функцыянаваньня лобных доляй галаўнога мозгу».

У дадзеным дасьледаваньні прымалі ўдзел толькі тыя людзі сталага веку, якія авалодалі дзьвюма і болей мовамі ў раньнім дзяцінстве. Навукоўцам яшчэ трэба будзе высьветліць, наколькі для работы мозгу эфэктыўнае вывучэньне новых моваў на больш позьніх стадыях жыцьця чалавека.