Вы — тлусты? Гэта ня так страшна. І нават — ня страшна

Навуковыя дасьледаваньні вакол так званага індэксу масы цела (суадносінаў росту і вагі) даюць падставы меркаваць, што атлусьценьне неабавязкова павялічвае рызыку сьмяротнасьці.
«Індэкс масы цела зьяўляецца недасканалай мераю рызыкі сьмяротнасьці, калі ня браць пад увагу такіх фактараў, як крывяны ціск, ровень халестэрыну і цукру ў крыві», — кажа ў New York Times доктар Сэм’юэл Клейн, дырэктар Цэнтру харчаваньня чалавека ўнівэрсытэцкай школы мэдыцыны ў Сант-Луі (штат Місуры).

Доктар Стывэн Гэймсфэлд, выканаўчы дырэктар Цэнтру біямэдычных дасьледаваньняў у Луізіяне, гаворыць, што калі ў людзей з залішняй вагой такія паказчыкі, як ровень халестэрыну, знаходзяцца ў ненармальным дыяпазоне, ёсьць прычына падумаць пра дыету. Але калі гэтыя паказчыкі ў норме — дыета не патрэбная.

Экспэрты таксама выказваюць думку, што само паняцьце «тлушчу» (у адносінах да чалавечага арганізму) павінна быць удакладненае.

«Тлушч сам па сабе не такі ўжо і небясьпечны, як мы думалі, — лічыць прафэсар Камяр Калянтар-Задэ з Каліфарнійскага ўнівэрсытэту. — Наяўнасьць тлушчу на жываце — гэта неабавязкова дрэнна».

Нарэшце, ня выключана, у пэўных выпадках менавіта залішняя вага ў людзей, якія цярпяць ад атлусьценьня, дала ім шанцы жыць даўжэй — у тым выпадку, калі іх дактары своечасова адшукалі нейкія небясьпечныя фактары, што былі прычынаю атлусьценьня — напрыклад, высокі ровень халестэрыну або дыябэт.

Іншымі словамі, тлусты чалавек хутчэй за нятлустага патрапіць да доктара, пройдзе абсьледаваньне і, значыць, мае больш шанцаў выявіць хваробу на раньняй яе стадыі.