Прагу наведалі пілігрымы зь Беларусі

Групавы здымак пасьля Літургіі (Фота Веранікі Шэнды)

Па дарозе з Рыму ў Беларусь Прагу з двухдзённым візытам наведала група моладзі лікам больш за 100 чалавек, якія бралі ўдзел у Эўрапейскай сустрэчы моладзі ТЭЗЭ ў Рыме.
Першая эўрапейская сустрэча моладзі ТЭЗЭ, у якой бралі ўдзел дэлегаты зь Беларусі — рымска- і грэка-каталіцкая моладзь — адбылася якраз у Празе ўзімку 1990-91 гадоў.

Сёлета пілігрымаў (а гэта пераважна грэка-каталіцкая моладзь з розных гарадоў Беларусі) у Празе прывітаў пробашч мясцовай беларускай грэка-каталіцкай парафіі Дабравешчаньня Найсьвяцейшай Багародзіцы айцец Андрэй Абламейка. Пілігрымы ўзялі ўдзел у набажэнстве, якое для іх было адпраўлена ў праскай царкве сьвятых Кузьмы і Дзям’яна. Літургію адправіў айцец Андрэй Абламейка ў саслужэньні пробашча грэка-каталіцкай парафіі ў Лідзе айца Андрэя Буйніча і беларускага манаха рэдэмптарыста ўсходняга абраду зь Менску айца Антона Мікалаева.

Эўрапейскія калядныя сустрэчы моладзі ў рамках руху ТЭЗЭ праводзяцца з 1978 году і зьбіраюць дзясяткі тысяч маладых людзей з усёй Эўропы. Ініцыятарам іх правядзеньня выступіў брат Ражэ (Ражэ Шуц). У 1940 годзе, пераехаўшы ў Францыю са Швэйцарыі, ён заснаваў экумэнічную грамаду ў вёсцы Тэзэ ў Бургундыі.

Удзельнікі пілігрымкі падчас Літургіі (Фота гэтае і ніжэй - Юліі Янюк)



Грэка-каталіцкі хор зь Менску



Казаньне прамаўляе іераманах Антон Мікалаеў