Дэпардзьё: Я вельмі люблю Пуціна, і гэта ўзаемна

Вядомы францускі актор Жэрар Дэпардзьё напісаў адкрыты ліст расейскаму Першаму каналу ў сувязі з тым, што прэзыдэнт Расеі Уладзімер Пуцін прысвоіў яму грамадзянства гэтай краіны.
«Расейскім журналістам:

Так, я зрабіў запыт аб пашпарце, і я рады, што мой запыт быў прыняты.

Я вельмі люблю вашу краіну, Расею, яе людзей, яе гісторыю, яе пісьменьнікаў.

Мне падабаецца тут рабіць фільмы, у якіх я працую разам з такімі вашымі акторамі, як Уладзімір Машкоў.

Я вельмі люблю вашу культуру, ваш розум.

Мой бацька ў свой час быў камуністам, ён слухаў „Радыё Масква“! Гэта таксама і мая культура.

У Расеі добра жыць. Не абавязкова ў Маскве, якая для мяне занадта вялікі мэгаполіс.

Я аддаю перавагу вёсцы, я ведаю ў Расеі цудоўныя мясьціны.

Напрыклад, ёсьць адно месца, якое я люблю, там, дзе знаходзіцца Дзяржфільмафонд, якім кіруе мой сябар Мікалай Барадачоў.

Там, на ўскрайку бярозавых лясоў, я адчуваю сябе добра.

Я вывучу расейскую мову.

Я нават гаварыў пра гэта з маім прэзыдэнтам Франсуа Аляндам. Я яму ўсё гэта сказаў.

Ён ведае, што я вельмі люблю вашага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна і што гэта ўзаемна.

І я сказаў яму, што Расея — краіна вялікай дэмакратыі, гэта ня тая краіна, дзе прэм’ер-міністар назваў бы свайго грамадзяніна нікчэмным чалавекам.

Я добра стаўлюся да прэсы, але разам з тым яна нудная, бо ў ёй вельмі часта выказваецца адзіная думка.

З павагі да вашага прэзыдэнта і вашай вялікай краіны мне больш няма чаго дадаць.

Калі б я хацеў нешта дадаць пра Расею, мне прыходзіць у галаву адзін урывак з прозы...

Што ў такой вялікай краіне ты ніколі не бываеш самотным,
Бо кожнае дрэва, кожны краявід прыносіць нам надзею.
У Расеі няма дробязнасьці, ёсьць толькі вялікія пачуцьці.
А за гэтымі пачуцьцямі — вялікая цнатлівасьць.

У вашай бязьмежнасьці я ніколі не адчуваю сябе адзінокім.

Слава Расеі!»


У нядзелю Дэпардзьё заявіў, што не застанецца ў Францыі, нягледзячы на адмену Канстытуцыйнай радай падатку на раскошу памерам 75 працэнтаў.

Прэзыдэнт Францыі Франсуа Алянд пасьля рашэньня Канстытуцыйнай Рады заявіў, што будзе далей дамагацца прыняцьця падатку на раскошу.