Сэнат ЗША прыняў законапраект супраць «фіскальнага абвалу»

Прэзыдэнт ЗША Барак Абама 31 сьнежня робіць заяву пра перамовы ў Кангрэсе

Амэрыканскі Сэнат у першыя гадзіны новага году прыняў законапраект, аб абмежаваньні бюджэтнага дэфіцыту ЗША на наступныя 10 гадоў, які павінен прадухіліць абвал краіны з гэтак званай «фіскальнай стромы».
Сэнат прагаласаваў за законапраект 89 галасамі супраць васьмі. Гэта адбылося 1 студзеня а другой гадзіне раніцы паводле вашынгтонскага часу (а 10-й паводле менскага). Чакаецца, што галасаваньне ў Палаце прадстаўнікоў Кангрэсу адбудзецца цягам 1 студзеня.

Цягам 31 сьнежня прэзыдэнцкая адміністрацыі ЗША і лідэры апазыцыйнай партыі Рэспубліканцаў у Кангрэсе дамовіліся працягнуць падатковыя льготы, прыняты падчас прэзыдэнцтва Джорджа Буша-малодшага для сем’яў, якія зарабляюць менш за 450 тысяч даляраў на год, а таксама адкласьці заплянаваныя скарачэньні бюджэтных выдаткаў, у тым ліку на вайсковыя мэты. Гэтыя скарачэньні меліся скласьці 24 мільярды даляраў цягам наступных двух месяцаў.

Дамова мае даць час прадстаўнікам Белага Дому і Кангрэсу, каб працягнуць перамовы аб тым, як абмежаваць урадавыя выдаткі і ўзяць пад кантроль дэфіцыт бюджэту.

Тое, што законапраект не ўдалося прыняць да канца 2012 году, фармальна ўжо азначае «абвал» з гэтак званай «фіскальнай стромы» («fiscal cliff»). Але на Навагодняе сьвята фінансавыя рынкі не працуюць, і таму хуткія дзеяньні Кангрэсу могуць зьвесьці да мінімуму ўплыў гэтага на эканоміку ЗША і, адпаведна, на ўсясьветную эканоміку.