Канстытуцыйная рада Францыі прызнала «падатак на мільянэраў» незаконным

Павышэньне падатку на даходы фізычных асобаў, якія перавышаюць 1 мільён эўра ў год, да 75 адсоткаў прызнана радай неканстытуцыйным.

Ўвядзеньне «падатку на мільянэраў» было адным з галоўных абяцаньняў прэзыдэнта Францыі Франсуа Алянда, які перамог на выбарах у траўні. Новая стаўка падатку павінна была пачаць дзейнічаць ужо зь 1 студзеня.


Супраць падатку выступала шмат вядомых французаў. Напрыклад, акцёр Жэрар Дэпардзьё абвясьціў, што хоча зьехаць жыць у Бэльгію, каб не плаціць францускай дзяржаве такія вялікія сумы.


Канстытуцыйная рада — вышэйшы орган, які ў Францыі ажыцьцяўляе кантроль за выкананьнем канстытуцыі. Яна разгледзіла пытаньне пра новы падатак на просьбу апазыцыйнай партыі «Саюз за народны рух».