У Эгіпце праходзіць рэфэрэндум па новай канстытуцыі.

Прэзыдэнт Эгіпту Мухамед Мурсі і рух «Браты-мусульмане», які яго падтрымлівае, заяўляюць, што гэты дакумэнт будзе спрыяць дэмакратычным пераўтварэньням у краіне.

Праціўнікі Мурсі — актывісты лібэральнай і хрысьціянскай апазыцыі — асудзілі праект асноўнага закону, напісаны ісламістамі. На іх думку, ён не гарантуе абароны асноўных свабод, правоў жанчын і рэлігійных меншасьцяў.

На першым этапе галасаваньне пройдзе ў такіх буйных гарадах, як Каір і Александрыя і яшчэ ў васьмі правінцыях.

Жыхары астатніх рэгіёнаў краіны прагаласуюць праз тыдзень. У краіне 51 мільён зарэгістраваных выбаршчыкаў.

У пятніцу ў Александрыі адбыліся сутыкненьні паміж прыхільнікамі і праціўнікамі Мурсі, некалькі чалавек было паранена. У Каіры таксама напярэдадні адбыліся дэманстрацыі прыхільнікаў Мурсі і апазыцыі.