Адноўлена справа аб загадкавай сьмерці былога прэм’ера Грузіі

Міхаіл Саакашвілі і Кэтрын Эштан

Кіраўніца зьнешняй палітыкі Эўразьвязу Кэтрын Эштан, якая ўчора знаходзілася зь візытам у Тбілісі, заклікала прэзыдэнта Грузіі Міхаіла Саакашвілі і прэм’ера Бідзіна Іванішвілі больш шчыльна супрацоўнічаць у інтарэсах грузінскага народу.
Пасьля перамоваў з двума палітыкамі Эштан сказала, што яны, хоць і прадстаўляюць спаборныя палітычныя сілы, павінны знайсьці спосаб «суіснаваньня». У адмысловай заяве, апублікаванай пасьля перамоваў, Эштан адзначыла, што не павінна быць «адплаты ў дачыненьні да палітычных канкурэнтаў».

Пасьля прыходу да ўлады кіраванай Іванішвілі кааліцыі «Грузінская мара» пачаліся арышты высокапастаўленых службоўцаў, стаўленікаў Саакашвілі. Іх абвінавачваюць у карупцыі і злоўжываньні службовым становішчам.

Тым часам пракуратура Грузіі распачала новае дасьледаваньне абставінаў гібелі ў 2005 годзе тагачаснага прэм’ера краіны Зураба Жванія. Пра гэта са спасылкай на пракуратуру паведаміў сёньня яго брат Георгі, Паводле афіцыйнай вэрсіі, Зураб Жванія памёр, атруціўшыся ўгарным газам зь няспраўнага абагравальніка. Сваякі Жванія ставяць пад сумнеў гэтую вэрсію. Георгі Жванія сьцьвярджае, што яго брат быў забіты кіраўніцтвам Грузіі.

Зураб Жванія, разам зь Міхаілам Саакашвілі і Ніно Бурджанадзэ, адыграў ключавую ролю ў «рэвалюцыі ружаў» у Грузіі ў 2003 годзе, якая зрынула прэзыдэнта Эдуарда Шэварнадзэ.