Пра гвалт над жанчынай ведае кожны

Ukraine -- Exhibition against gender violence, 25Nov2011

У нядзелю ў сьвеце адзначаецца Міжнародны дзень супраць гвалту ў адносінах да жанчын, упершыню заснаваны Генэральнай асамблеяй ААН у сьнежні 1999 году.

Генэральны сакратар ААН Пан Гі Мун выступіў з заявай, у якой заклікаў урады ўсіх краін выканаць прынятыя на сябе абавязкі і пакласьці канец гвалту ў любых формах у адносінах да жанчын і дзяўчат ва ўсіх краінах сьвету. Ён дадаў, што зьневажаюць сябе не ахвяры гвалту, а тыя, хто робіць гвалтоўныя дзеяньні.

Структура ААН у пытаньнях гендэрнай роўнасьці і пашырэньня правоў і магчымасьцяў жанчын абвясьціла аб новай ініцыятыве, якая атрымала назву COMMIT. У рамках гэтай ініцыятывы ААН заклікае ўрады прыняць абавязкі дзеля распрацоўкі новых мер палітыкі, закліканых абараніць жанчын, якія зьяўляюцца ахвярамі гвалту.

Вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу ў міжнародных справах і палітыцы бясьпекі Кэтрын Эштан заявіла, што гвалт у адносінах да жанчын зьяўляецца верагодна самым распаўсюджаным парушэньнем правоў чалавека ў наш час. Яна пацьвердзіла цьвёрды намер ЭЗ прыняць усе неабходныя меры для таго, каб зрабіць гэты сьвет бясьпечным для жанчын.