Беларусы на парадзе Санта Клаўсаў у Антарыё

Беларусы на парадзе Санта Клаўсаў у канадзкім горадзе Місісога (фоты Зьмітра Леановіча)

Сярэдзіна і другая палова лістапада -- гэта той час, калі па ўсёй правінцыі Антарыё, а таксама ў іншых частках Канады праходзяць парады Сантаў Клаўсаў, якія адкрываюць зімовы сэзон у гэтай краіне.
Такія парады заўсёды адбываюцца ў суботы і зьяўляюцца сьвятам самых розных народаў, якія пражываюць у Канадзе. Беларусы – не выключэньне. Наш карэспандэнт пабываў учора на парадзе ў горадзе Місісога, што непадалёк ад Таронта.

Па традыцыі адкрыцьцё зімовага сэзону ў Місісозе пачынаецца ў вялікім гандлёвым цэнтры Erin Mills Town Centre. Гэта экспазыцыі самых розных міжнародных навагодніх елак, што працягваюцца да праваслаўных Калядаў – 7 студзеня, конкурсы калядных вянкоў (дарэчы, беларускі вянок на цяперашнім парадзе заняў другое месца), сустрэчы з самімі Санта Клаўсамі, а таксама героямі розных казак сьвету, пэрсанажамі вядомых мультфільмаў; клоўнамі і танцорамі. Усе гэтыя ролі выконваюць самадзейныя акторы.

Парады Санта Клаўсаў – сямейнае сьвята, якога асабліва чакаюць дзеці. Працягваецца парад зь яго рознымі відовішчамі на гарадзкіх вуліцах.