Некалькі тысяч перад Цэнтравыбаркамам у Кіеве

Украінская апазыцыя сёньня пікетуе будынак Цэнтральнай выбарчай камісіі ў Кіеве, пратэстуючы супраць фальсыфікацый на парлямэнцкіх выбарах, якія адбыліся 28 кастрычніка.
Удзельнікі акцыі агучылі пасланьне прэзыдэнту Ўкраіны Віктару Януковічу і кіраўніцтву ЦВК, у якім сьцьвярджаюць, што падтасоўкі вынікаў галасаваньня набылі масавы характар.

У мітынгу каля будынку ЦВК ўдзельнічаюць некалькі тысяч чалавек. Акцыя арганізавана трыма апазыцыйнымі сіламі, чые прадстаўнікі выбраны ў Вярхоўную Раду — аб’яднанай апазыцыяй «Бацькаўшчына», партыяй «УДАР» Віталя Клічко і нацыяналістычным аб’яднаньнем «Свабода».

Паводле афіцыйных папярэдніх дадзеных, на выбарах, якія праходзілі па зьмешанай сыстэме, зь невялікім адрывам перамагла кіруючая Партыя рэгіёнаў. Па партыйных сьпісах у апазыцыі ў суме больш галасоў, але за кошт перамогаў у аднамандатных акругах Партыя рэгіёнаў забясьпечыла сабе большасьць дэпутацкіх месцаў.