Bild: У Нямеччыне адмываюцца і беларускія грошы

Як падае бэрлінскае выданьне Bild са спасылкай на паведамленьне фэдэральнага ведамства па барацьбе з крымінальнай злачыннасьцю (BKA) і фэдэральнай управы кантролю за фінансавымі паслугамі (BaFin), апошнім часам брудныя грашовыя патокі ў Нямеччыну з-за мяжы істотна ўзрасьлі.
У 2011 годзе сьледзтва распачало 13 тысяч спраў па падазрэньні ў адмываньні грошай. У параўнаньні з пазалеташнім пэрыядам колькасьць падобных выпадкаў узрасла на 17%.

Паводле фэдэральных ведамстваў, гэта самы высокі ўзровень за час дзеяньня прынятага ў 1993 годзе Закону аб адмываньні грошай, адзначае ў сваім паведамленьні іншае нямецкае выданьне Die Welt.

На думку вядучага эўрапейскага экспэрта ў гэтым пытаньні Фрыдрыха Шнайдэра з унівэрсытэту ў аўстрыйскім Лінцы, «найбольш крымінальных злачынных грошай паступае ў Нямеччыну з Расеі, Беларусі і Ўкраіны. Калі ж узяць Заходнюю Эўропу, дык тут лідэр — Італія».

У справаздачы, якую BKA і BaFin мяркуюць агучыць у Вісбадэне 29 кастрычніка, адзначаюцца шматлікія выпадкі махлярства, калі прыватныя пэрсоны дзеля адмываньня грошай выкарыстоўваюць банкаўскія рахункі. Таксама адзначаецца, што вельмі часта падобным мэтам служаць рынкі нерухомасьці, рэстаранны бізнэс ды казіно.