Дональд Туск: Мы не далі зачэпкі для рэпрэсій у Беларусі

Прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск сказаў, што пасьведчаньні выплаты грошай каля 30 беларускім апазыцыянэрам, якія МЗС Польшчы ў лютым сёлета паслаў у Беларусь, не павінны стаць прычынай рэпрэсій з боку беларускіх уладаў.
«Паводле чыноўнікаў МЗС, гэта ніякім чынам не павінна ўвязвацца зь нейкімі зачэпкамі для рэпрэсій. Форма аплаты і падаткаабкладаньня зьяўляецца легальнай і прымальнай ня толькі ў Польшчы, але таксама ў іншых краінах, такіх як Беларусь. Калі Лукашэнка хоча зрабіць камусьці крыўду, дык ён яе зробіць незалежна ад таго, ці хтосьці дае зачэпку, ці не», – цытуе Дональда Туска польскае прэсавае агенцтва ПАП.

Як мы паведамлялі, польская газэта Rzeczpospolita напісала, што Міністэрства замежных справаў Польшчы паслала ў Беларусь лісты з падатковымі дэклярацыямі каля 30 беларускім удзельнікам саміту Ўсходняга партнэрства ў Варшаве. У дэклярацыях была інфармацыя пра грошы, якія МЗС Польшчы выплаціў гэтым удзельнікам. Паводле чыноўнікаў МЗС, гэта былі так званыя «сутачныя», то бок невялікія сумы.