Штраф за расьцяжку «Свабоду палітвязьням!»

Наваполацкі актывіст партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» (БХД) Сяргей Малашанка аштрафаваны на 300 тысяч рублёў.
Пра гэта БелаПАН паведаміла каардынатарка аргкамітэту па стварэньні БХД у Віцебскай вобласьці Тацяна Севярынец.

Паводле яе слоў, Сяргей Малашанка быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі раніцай 8 кастрычніка, калі зьбіраўся вывесіць расьцяжку «Свабоду палітвязьням!»

«Раней гаварылася пра дваіх затрыманых. Аднак аказалася, што таварыш Малашанкі змог зьбегчы ад міліцыі — зьехаў ад іх на вэлясыпэдзе», — паведаміла Севярынец.

Супрацоўнікі міліцыі даставілі Малашанку спачатку ў РУУС Наваполацку, а затым у суд. Малашанку прызналі вінаватым у правядзеньні несанкцыянаванага масавага мерапрыемства і аштрафавалі на тры базавыя велічыні (300 тысяч рублёў).