Справа Pussy Riot: РПЦ патрабуе пакараньня і пакаяньня

Адвакат удзельніц Pussy Riot Марк Фейгін прамаўляе на апазыцыйным "маршы мільёнаў" у Маскве 15 верасьня, 2012

Кіраўніцтва РПЦ падкрэсьлівае сваю пазыцыю – ўдзельніцы панк гурту павінны быць пакараныя.
Расейская праваслаўная царква выступіла з афіцыйным каментаром па справе удзельніц панк-гурту Pussy Riot – у сувязі з прызначаным на 1 кастрычніка разглядам Маскоўскім гарадзкім судом скаргі адвакатаў на прысуд раённага, Хамоўніцкага суду.

Кіраўніцтва РПЦ падкрэсьлівае сваю пазыцыю – ўдзельніцы панк гурту павінны быць пакараныя.

"Учынкі, якія робяць замах на пачуцьці вернікаў, ня могуць заставацца беспакаранымі", – абвяшчае распаўсюджаная сёньня заява кіраўніка Сінадальнага інфармацыйнага аддзелу Ўладзіміра Легойды.

Пры гэтым дадаецца, што Царква хоча пачуць і словы раскаяньня "тых, хто апаганіў сьвятое месца, будучы перакананай, што гэта прынясе карысьць іх душам", – гаворыцца ў заяве. У выпадку, калі дзяўчаты пакаюцца, царква просіць суд гэта "ўлічыць".

Тры ўдзельніцы Pussy Riot Марыя Алёхіна, Кацярына Самуцэвіч і Надзея Толоконникова атрымалі два гады калёніі за акцыю пад назвай панк-малебен "Божая маці, Пуціна прагані", учыненую ў маскоўскім храме Хрыста-Збаўцы.

За час працэсу ў падтрымку дзяўчат выказаліся многія расейскія і заходнія актывісты, дзеячы культуры ды мастацтва. Эўрапейскі парлямэнт заявіў іх кандыдатуру на сёлетнюю прэмію Сахарава.