Што адбываецца на валютным рынку?

Your browser doesn’t support HTML5

У жніўні ўпершыню за гэты год аб’ём куплі валюты юрыдычнымі асобамі і насельніцтвам перавысіў аб’ём продажу. У чым прычыны гэтага? Што азначае заява кіраўніцы Нацбанку Надзеі Ермаковай пра магчымасьць плаўнай дэвальвацыі? Якія пэрспэктывы беларускага рубля?
Удзельнікі:
  • дырэктар Дасьледчага цэнтру Інстытуту прыватызацыі і мэнэджмэнту Аляксандар Чубрык
  • эканамічны аналітык Сяргей Чалы.

Чаму аб’ём куплі валюты перавысіў аб’ём продажу?

Валер Карбалевіч: «З валютнага рынку ўсё больш трывожныя зьвесткі. Рэзка скарацілася станоўчае сальда замежнагандлёвага балянсу. Аб’ём куплі валюты юрыдычнымі асобамі і насельніцтвам перавысіў аб’ём продажу. Насельніцтва скупляе валюту. Здаецца ж, сэзон адпачынкаў скончыўся. То з чым гэта зьвязана?»

Аляксандар Чубрык: «Па-першае, апошнімі месяцамі ў Беларусі назіраўся хуткі рост заробкаў. За сем месяцаў яны вырасьлі ў рэальным вымярэньні на 10%. І гэтыя дадатковыя рублі людзі не панесьлі на рублёвыя дэпазыты ў банкі, а выкарысталі для куплі валюты. Таму што існуюць вялікія дэвальвацыйныя чаканьні. Пакуль што кіраўніцтва Нацбанку праводзіць узважаную палітыку. Пагрозы бачацца ў сярэднетэрміновай пэрспэктыве».

Сяргей Чалы: «Працэнтная стаўка за апошні час панізілася не нашмат, таму ня гэты чыньнік стаў асноваю для дэвальвацыйных чаканьняў. Яны выкліканыя хутчэй адміністратыўным павялічэньнем заробкаў. Людзі памятаюць, чым гэта скончылася ў 2010–2011 гг.»

Верагоднасьць дэвальвацыі

Карбалевіч: «Абодва мае суразмоўцы патлумачылі паводзіны насельніцтва, якое скупляе валюту, псыхалягічным чыньнікам. А чым тлумачыцца зьмена трэнду ў паводзінах гаспадарчых суб’ектаў?»

Чубрык: «Найперш, гаспадарчыя суб’екты сталі менш прадаваць. Бо скончыўся экспарт цяпер ужо ўсім вядомых растваральнікаў. У выніку зьменшыліся даходы ад экспарту.

Зь іншага боку, пачынаючы з чэрвеня пачаў расьці імпарт неэнэргетычных тавараў. Калі гэтая тэндэнцыя росту ўнутранага попыту будзе расьці, то будзе расьці імпарт. У выніку будзе расьці попыт на валюту. Калі ўлады будуць стымуляваць гэты ўнутраны попыт, то могуць узьнікнуць праблемы».

Карбалевіч: «Дасюль усе афіцыйныя асобы, пачынаючы з Лукашэнкі, усяляк запэўнівалі, што сытуацыя на валютным рынку стабільная, дэвальвацыі ня будзе. А вось Ермакова дапускае дэвальвацыю, хоць і ня рэзкую. З чым гэта зьвязана?»

Чалы: «Думаю, што мы назіраем спрэчку паміж Нацбанкам і ўрадам. Бюджэт на наступны год прадугледжвае, што сярэдні паказчык абменнага курсу рубля складзе 8400–8500 рублёў у адносінах да даляра. То бок прыкладна захаваецца цяперашні ўзровень. І гэта ў сытуацыі, калі ўнутраная інфляцыя складае дзясяткі працэнтаў. Гэта азначае, што рэальны курс рубля ўмацоўваецца. А гэта вядзе да росту імпарту і падзеньня канкурэнтаздольнасьці нашай прадукцыі пры экспарце.

Заява Ермаковай, магчыма, — гэта прапанова ўраду не чапаць рукамі абменны курс. Тады ён сам па сабе будзе аслабляцца паралельна з інфляцыяй, што выгадна для эканомікі».

Якія пэрспэктывы беларускага рубля?

Карбалевіч: «Такім чынам, мае суразмоўцы не чакаюць вялікіх праблемаў да канца году. Праблемы могуць узьнікнуць у сярэднетэрміновай пэрспэктыве. Чаму так?»

Чубрык: «Калі ўлічыць, што пад канец году заробкі заўсёды растуць за кошт прэміяў, то заробку ў 500 даляраў можна дасягнуць безь вялікіх адміністрацыйных захадаў. Экспарт растваральнікаў зьнік. Але адбываецца рост экспарту калію.

Зь іншага боку, у чацьвёртым квартале давядзецца выдаткоўваць немалыя сумы на выплату вонкавага доўгу. Дзе ўзяць грошы? Можна гэта зрабіць за кошт скарачэньня золатавалютных рэзэрваў. Можна пазычыць. Можна прадаць буйное прадпрыемства. І раней бывала сытуацыя, калі ўсе экспэрты казалі, што ўсё, няма адкуль узяць валюту. А вось напрыклад, калі ў 2011 годзе ў Нацбанку скончылася валюта, ён пазычыў яе ў камэрцыйных банкаў. Думаю, да канца году ўдасца пазьбегнуць рэзкай дэвальвацыі. Да таго ж рэзкая дэвальвацыя супярэчыць прынцыпу кіраванага плывучага абменнага курсу.

Калі ж казаць пра сярэднетэрміновую пэрспэктыву, то там усё складаней. Экспарт нафтапрадуктаў як крыніца росту паступленьня валюты вычарпаны. Станоўчы эфэкт ад дэвальвацыі для экспарту таксама зьнік. А пры рэальным умацаваньні рубля, пра што казаў сп. Чалы, цяжка чакаць росту паступленьняў валюты ад экспарту. А калі будзе расьці ўнутраны попыт, то будзе расьці імпарт неэнэргетычных тавараў. Гэта прывядзе да таго, што зноў, як і ў нядаўнім мінулым, будуць набірацца дысбалянсы. А яшчэ наступным годам трэба вяртаць 3 млрд вонкавага доўгу. У выніку атрымліваецца дэфіцыт у памеры 5 млрд даляраў, якія трэба будзе недзе знайсьці».

Чалы: «Думаю, да канца году нічога страшнага ня здарыцца. Бо існуе часавы лаг. Нейкія глупствы ў дзеяньнях уладаў пачынаюць адбівацца на эканоміцы праз пэўны час. Бо існуе доўгі перадатачны мэханізм. Рост заробку цягне за сабой рост попыту на імпарт. А гэта вядзе да таго, што на біржы расьце попыт на валюту. Адначасова растуць унутраныя выдаткі ў экспартных таварах, зьвязаныя з аплатай працы. Адпаведна, канкурэнтаздольнасьць экспарту зьмяншаецца, скарачаецца паступленьне валютнай выручкі. У выніку мяняецца балянс попыту і прапановы на валютнай біржы і мяняецца валютны курс. На ўсё гэта патрэбна каля сямі месяцаў. Так што ўсе наступствы цяперашніх дзеяньняў уладаў мы ўбачым у першым квартале наступнага году. Думаю, што яшчэ да канца гэтага году беларускія ўлады зьдзейсьняць нейкі буйны продаж».