Пакістан: дзяўчынка-хрысьціянка, абвінавачаная ў абразе ісламу, можа быць забітая

Людзі каля будынку суду, дзе праходзіць працэс над Рымшай Масіх

Суд у Пакістане вызваліў пад заклад 14-гадовую дзяўчынку-хрысьціянку, якую вінавацяць у зьнявазе ісламу. Яе абвінавачваюць у тым, што яна нібыта спрабавала спаліць лісткі паперы, на якіх былі запісаныя суры Карана.
Некалькі дзён таму імам Халід Чышці, які зьвінаваціў дзяўчынку, сам быў арыштаваны і абвінавачаны ў тым, што сфабрыкаваў улікі супраць Рымшы Масіх, каб выгнаць хрысьціянаў, якія жылі ў ягонай вёсцы. Імам адхіляе абвінавачаньні.

Пакуль няясна, калі менавіта Рымша Масіх выйдзе на волю. Яе арышт меў шырокі міжнародны рэзананс як сярод вернікаў, так і ў сьвецкім грамадзтве.

Аглядальнікі выказваюць засьцярогі, што дома дзяўчынка можа быць у небясьпецы.

Адвакат дзяўчынкі Тахір Навід Чаўдхры адзначыў у інтэрвію Радыё Машааль ў Ісламабадзе: «Думаю, што людзі, якія маюць дачыненьне да такіх справаў, і ўсе, хто спрабуе выступіць у абарону абвінавачаных, рызыкуюць жыцьцём».

Паводле пакістанскіх законаў, за найменшую абразу ісламу прысуджаецца сьмяротная кара. Часта нават тых, каго суд апраўдвае, пасьля забіваюць абураныя вернікі.