Дэмакраты вылучаць Абаму

У горадзе Шарлот, штат Паўночная Караліна, на гэтым тыдні пройдзе перадвыбарчы зьезд Дэмакратычнай партыі ЗША.
Дэлегаты маюць намер афіцыйна падтрымаць кандыдатуры цяперашняга прэзыдэнта Барака Абамы і віцэ-прэзыдэнта Джозэфа Байдэна, якія дамагаюцца пераабраньня. Абодва яны выступяць на зьезьдзе.

Сярод іншых палітыкаў-дэмакратаў, чые выступы чакаюцца на форуме — экс-прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан, былы сьпікер палаты прадстаўнікоў Нэнсі Пэлосі, мэры гарадоў Сан-Антоніё і Чыкага — Джуліян Кастра і Рам Эмануэл ды іншыя.

Паколькі панядзелак, які фармальна лічыцца першым днём форуму, прыпаў на сьвята — Дзень працы, то асноўныя мерапрыемствы на зьезьдзе пачнуцца ў аўторак.

На мінулым тыдні ў Флярыдзе прайшоў зьезд рэспубліканскай партыі, які вылучыў кандыдатамі на прэзыдэнта і віцэ-прэзыдэнта ЗША былога губэрнатара Масачузэтсу Міта Ромні і кангрэсмэна Пола Райана.