1 верасьня мяняюцца візавыя правілы для замежнікаў

Аэрапорт «Менск-2»

Візу ў аэрапорце «Менск-2» дадуць толькі грамадзянам краінаў, дзе няма дыппрадстаўніцтва Беларусі.

Магчымасьць атрымаць уязную візу ў нацыянальным аэрапорце «Менск-2» захаваецца толькі для грамадзянаў дзяржаў, дзе няма дыпляматычных прадстаўнiцтваў або консульскiх установаў Беларусі. Грамадзяне дзяржаў, у якіх ёсьць беларускія замежныя ўстановы, маюць права атрымаць візу ў аэрапорце, толькі калі яны прыбываюць у складзе афіцыйных дэлегацыяў на запрашэньне органаў дзяржаўнага кіраваньня Беларусі, а таксама ў сувязі зь цяжкай хваробай або сьмерцю блізкага сваяка.

Зьмены ў візавыя правілы былі ўнесеныя пастановай Савету міністраў ад 31 траўня 2012 году.

Новая рэдакцыя правілаў прадугледжвае спрашчэньне выдачы беларускіх візаў, вызваленьне ад неабходнасьці атрыманьня віз замежнымі грамадзянамі і асобамі без грамадзянства, якія маюць сапраўдны від на жыхарства ў Беларусі. Пашырана кола асобаў, якія маюць права на наведваньне месцаў пахаваньня, вызначаныя падставы для атрыманьня беларускай візы для лячэньня, інфармуе афіцыйны сайт Міністэрства замежных спраў Беларусі.