ААН: колькасьць уцекачоў з Сырыі перавысіла 214 тысяч

Колькасьць уцекачоў з Сырыі ў апошнія дні рэзка ўзрасла і можа ў бліжэйшы час яшчэ павялічыцца, — папярэдзіла ведамства ААН у справах уцекачоў.
Як паведаміла сёньня прадстаўнік ведамства Мэліса Флэмінг, толькі ў Ярданію за апошні тыдзень прыбыло больш за 10 тысяч сырыйцаў, якія ратуюцца ад баёў паміж урадавымі войскамі і паўстанцамі.

Агульная колькасьць зарэгістраваных уцекачоў у чатырох суседніх з Сырыяй краінах перавысіла 214,000, адзначыла Флэмінг.

Учора стала вядома, што ў Лібан уцяклі некалькі герархаў грэка-каталіцкай царквы, у тым ліку арцыбіскуп гораду Алепа. Незадоўга да гэтага была разгромлена яго рэзыдэнцыя.