У Іране распачаўся форум Руху недалучэньня

Тэгеран. Адкрыцьцё форуму Руху недалучэньня 26 жніўня 2012

У сталіцы Ірану Тэгеране сёньня распачаўся форум Руху недалучэньня, у які ўваходзяць каля 120-і краінаў, якія разьвіваюцца.

Чакаецца ўдзел прэзыдэнтаў і кіраўнікоў ўраду 35-і краін і прадстаўнікоў яшчэ больш 80-і.

У ліку гасьцей — генэральны сакратар ААН Пан Гі Мун.

Раней ЗША і Ізраіль заклікалі яго адмовіцца ад гэтай паездкі.

Перад форумам іранскі прэзыдэнт Махмуд Ахмадзінэжад ізноў выступіў з абразамі і пагрозамі ў адрас Ізраілю, назваўшы яго «ракавай пухлінай» і заявіўшы, што гэтай краіне няма месца на Блізкім Усходзе.

На мінулым тыдні Дзярждэпартамэнт ЗША заявіў, што Іран не заслугоўвае таго, каб прымаць міжнародную канфэрэнцыю, і будзе спрабаваць маніпуляваць яе ўдзельнікамі.

Тэгеран, са свайго боку, выказаў намер выкарыстоўваць саміт для ўмацаваньня антызаходніх настрояў сярод недалучаных краінаў.