Украіна выдала ў Расею падазраванага ўдзельніка замаху на Пуціна

Кватэра ў Адэсе, дзе жылі падазраваныя – пасьля выбуху 4 студзеня 2012

Аб затрыманьні спэцслужбамі Ўкраіны падазраваных у падрыхтоўцы замаху на Пуціна стала вядома напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі
Украіна выдала ў Расею аднаго з падазраваных у падрыхтоўцы замаху на прэзыдэнта РФ Уладзіміра Пуціна. Як паведаміў у суботу ўвечары расейскі "Першы канал", грамадзянін Казахстану Ільля П'янзін ужо дастаўлены ў Маскву. Рашэньне аб яго экстрадыцыі Апэляцыйны суд у Адэсе прыняў яшчэ 20 жніўня.

Аб затрыманьні спэцслужбамі Ўкраіны падазраваных у падрыхтоўцы замаху на Пуціна стала вядома напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі. Сюжэт пра гэта паказаў 27 лютага "Першы канал". Сьцьвярджалася, што затрыманыя дзейнічалі на загад лідэра паўночнакаўкаскіх ваеўнікоў Доку Ўмарава. Паводле афіцыйнай вэрсіі, ваеўнікі рыхтаваліся да тэракту ў Адэсе, пасьля чаго мелі выехаць для яго выкананьня ў Маскву. Пляны былі парушаныя калі ў кватэры, якую здымалі хаўрусьнікі здарыўся выбух – як мяркуецца – з-за выпадковага дэтанаваньня выбухоўкі.

Пры гэтым адзін жыхар кватэры загінуў. Яшчэ адзін - Ільля П'янзін быў шпіталізаваны з апёкамі. П'янзін, пачаў актыўна супрацоўнічаць са сьледствам і выдаў лідэра групы ўраджэнца Грознага Адама Асмаева, які быў затрыманы празь месяц у ходзе спэцапэрацыі. Сьледзтва сьцьвярджае, што група рыхтавала замах на Пуціна. Расея запатрабавала выдачы падазраваных. Тым ня менш, рашэньне аб экстрадыцыі Асмаева было прыпынена на патрабаваньне Эўрапейскага суду па правох чалавека.