Суд у Кіеве даў Луцэнку 2 гады па яшчэ адной справе

Пячэрскі раённы суд Кіева сёньня асудзіў былога міністра ўнутраных спраў Украіны Юрыя Луцэнку да двух гадоў абмежаваньня волі паводле абвінавачаньня ў службовай нядбайнасьці пры расьсьледаваньні справы аб атручэньні Віктара Юшчанкі ў 2004 годзе.
Паводле дадзеных праваахоўных органаў, Луцэнка арганізаваў незаконнае сачэньне за кіроўцам аднаго з падазраваных. Пракурор раней прасіў суд прызначыць экс-кіраўніку МУС Украіны пакараньне ў выглядзе 2,5 гадоў турмы.

У лютым сёлета Юрый Луцэнка быў асуджаны да чатырох гадоў зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў крадзяжы дзяржаўных сродкаў і перавышэньні паўнамоцтваў. Сам Луцэнка заяўляе, што крымінальны перасьлед у дачыненьні да яго палітычна матываваны.