«Яны могуць бясконца трымаць палітвязьняў у закладніках»

Мікалаю Дзядку пагражае новы 411-ы артыкул Крымінальнага кодэксу (злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі калёніі) і працяг тэрміну зьняволеньня. На прашэньне аб памілаваньні Паўла Сырамалотава ўлады не рэагуюць. Адвакат наведаў хворага на пнэўманію Зьмітра Дашкевіча ў мэдсанчастцы.
2 жніўня — дзень народзінаў Насты Палажанкі. Ёй споўнілася 22 гады. У свой дзень народзінаў Наста разам з адвакатам зьезьдзіла да Зьмітра Дашкевіча ў Глыбоцкую калёнію. Адвакату дазволілі наведаць у мэдчастцы Зьмітра, які хварэе на пнэўманію.

Палажанка: «Паразмаўлялі яны. Стан здароўя быццам бы здавальняючы, пачувае сябе нармальна. Пакуль знаходзіцца ў мэдсанчастцы. Асаблівых навінаў няма. Адсыпаецца там, кажа, што сьпіць і дзень, і ноч пасьля ўсіх ізалятараў».

Дарэчы, у Дашкевіча дзень народзінаў быў 20 ліпеня. Да яго ў гэты дзень таксама дапусьцілі адваката і перадалі сотню віншавальных паштовак і тэлеграм. А вось Арцёму Пракапенку, які тыдзень таму сваё 22-годзьдзе таксама сустрэў за кратамі, кіраўніцтва магілёўскай калёніі не перадало ніводнага віншаваньня, кажа маці Арцёма спадарыня Віялета:

«І бабулі, і ўсе сваякі, сябры Арцёма паслалі столькі тэлеграмаў — у пятніцу ў яго быў дзень народзінаў, а яму ніводнай тэлеграмы не перадалі, нічога не атрымаў! Тэлефануе ў аўторак, кажа — што ж вы мяне з днём народзінаў не павіншавалі? Не атрымаў нічога…»

Наста Палажанка назвала гэта нізасьцю і дробнай «падлянкай» з боку адміністрацыі калёніі:

«Гэта самае страшнае — калі яны ствараюць ілюзію, што пра людзей забываюцца. Гэта адно з самых складаных выпрабаваньняў для вязьня, і трэба, вядома, каб людзі пісалі, адвакаты наведвалі, каб чалавек адчуваў увагу, каб ён ня траціў сувязь і ўпэўненасьць».

Маці Арцёма Віялета Пракапенка кажа, што лістоў ад сына не было больш як два тыдні, таму яна папрасіла адваката зьезьдзіць у Магілёў:
Прашэньня не пісаў і сказаў, што ня будзе пісаць — ён так для сябе пастанавіў.

«Адвакат езьдзіла да яго ў панядзелак, а ў аўторак ён патэлефанаваў. „Абрэзалі“ яму суму на атаварку, зараз можна толькі на 100 тысяч у месяц атаварвацца. Кароткатэрміновага спатканьня нас пазбавілі, доўгатэрміновае спатканьне толькі ў сьнежні будзе. Прашэньня не пісаў і сказаў, што ня будзе пісаць — ён так для сябе пастанавіў».

А вось Павал Сырамалотаў прыкладна месяц таму напісаў прашэньне аб памілаваньні. Але пакуль ніякіх зрухаў, кажа ягоная маці Галіна Сырамалотава:

«Павал, як бачыце, сядзіць… Так што нічога я сказаць не магу, ня ведаю. Два парушэньні за апошні час у яго было. Прызнаны злосным парушальнікам, таксама як і ўсе астатнія. Атаварку „ўрэзалі“. Была на 500 тысяч у месяц, цяпер — на 100».

Аляксандар Дзядок, бацька Мікалая Дзядка, якога як злоснага парушальніка рэжыму больш за два месяцы трымаюць у адзіночцы, у так званым «памяшканьні камэрнага тыпу», б’е трывогу:
Мікалай напісаў, што вельмі сур’ёзная небясьпека трапіць пад артыкул 411 Крымінальнага кодэксу.

«Мікалай напісаў, што вельмі сур’ёзная небясьпека трапіць пад артыкул 411 Крымінальнага кодэксу (злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі калёніі) па аналёгіі з Дашкевічам. Тым больш што ўсе палітвязьні прызнаныя ўжо злоснымі парушальнікамі. То бок у кожнага ёсьць падставы. А выкарыстаньне гэтага артыкула дасьць магчымасьць бясконца трымаць у закладніках нашых блізкіх — палітвязьняў. І працягваюць „абвешваць“ спагнаньнямі. У прыватнасьці, Мікалая ўжо двойчы пакаралі вымовамі быццам бы за тое, што ён дрэнна прыбірае ў сябе ў камэры».

А ўсяго ў Мікалая Дзядка ўжо каля паўтара дзясятка спагнаньняў. Артыкул 411 Крымінальнага кодэксу прадугледжвае працяг зьняволеньня на тэрмін ад аднаго да двух гадоў.

Старшыні «Маладога фронту» Зьмітру Дашкевічу, які адбывае двухгадовае пакараньне ў Глыбоцкай калёніі, пагражае падаўжэньне тэрміну зьняволеньня яшчэ на год.

Мікалай Дзядок разам зь Ігарам Аліневічам і Аляксандрам Францкевічам праходзілі па так званай справе анархістаў. Атрымалі адпаведна 4,5; 8 і 3 гады зьняволеньня.

Арцём Пракапенка і Павал Сырамалотаў асуджаныя разам зь Яўгенам Васьковічам на 7 гадоў зьняволеньня кожны за спробу падпалу дзьвярэй бабруйскага аддзелу КДБ.