Лукашэнка хоча набыць расейскі "Ростсельмаш"

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка падчас паездкі ў Берасьцейскую вобласьць 27 ліпеня пацьвердзіў жаданьне Беларусі набыць расейскае прадпрыемства "Ростсельмаш", якое спэцыялізуецца на вытворчасьці сельгасмашын.
Ён заявіў, што гэтае пытаньне абмяркоўваў на нядаўняй сустрэчы з прэм'ер-міністрам Расеі Дзьмітрыем Мядзьведзевым.

"Я яму сказаў: мы хочам выкупіць у вас "Ростсельмаш ", у нас добрыя ўзоры, давайце іх даробім, калі трэба, і мы створым у маштабах саюзнай дзяржавы магутны холдынг па вытворчасьці камбайнаў, які будзе выпускаць іх на ўсю прастору", - сказаў Лукашэнка.

Ён адзначыў, што Беларусь гатовая гарантаваць якасьць тэхнікі і даручыў яшчэ раз пасьля цяперашняй уборачнай ацаніць і дапрацаваць, калі гэта неабходна, узоры камбайнаў, якія выпускаюцца ў Беларусі, перадае БелТА.