500 даляраў заробку забясьпечыць не эканоміка, а друкарскі станок

Урадавыя структуры рапартуюць пра стабільнасьць беларускай эканомікі па выніках першага паўгодзьдзя і пра меркаваны рост прыбыткаў насельніцтва. Адкуль рэсурсы на забесьпячэньне высокіх паказьнікаў і падтрыманьне ўзроўню жыцьця, які пакідае жадаць лепшага?
Як паведаміў намесьнік міністра эканомікі Аляксандар Ярашэнка, 5 месяцаў 2012 году прадэманстравалі «стабільнае функцыянаваньне эканамічнай галіны». Прырост валавога ўнутранага прадукту склаў 2,9%, рост прадукцыйнасьці працы — 5,4%. Асаблівы рост у сфэры паставак на зьнешні рынак прадуктаў нафтахіміі і нафтаперапрацоўкі — на 2 мільярды 300 мільёнаў даляраў. Гэта палова ад усяго аб’ёму беларускага экспарту, які да канца траўня агулам склаў 4 мільярды 600 мільёнаў даляраў. У гэтай статыстыцы — і так званыя разбаўляльнікі і растваральнікі, продаж якіх вырас у разы і выклікае нэрвовую рэакцыю кіраўніцтва Расеі. Увогуле ўлады Беларусі дэкляруюць, што краіна павінна пастаўляць на экспарт 65% вырабленай прадукцыі.

Як пацьвердзіў Аляксандар Ярашэнка, адной са стратэгічных задачаў застаецца рост заробкаў у рэальным сэктары:

«10 траўня мінулага году прыняты ўказ прэзыдэнта, які дазволіў рэальнаму сэктару ў падвышэньні аплаты працы сваіх работнікаў адвязацца ад стаўкі І разраду. Мы такое рашэньне вітаем у тым пляне, што яно дазваляе матываваць нашых работнікаў на рост аплаты працы, і калі такія фінансавыя магчымасьці і рэсурсы ў прадпрыемства ёсьць, то, безумоўна, гэта вітаецца. Аднак я хацеў бы зьвярнуць увагу на такую акалічнасьць: у адпаведнасьці з пастановай ураду аб эканамічным прагнозе мы для дзяржаўнага сэктару вызначылі жорсткі нарматыў — падвышэньне аплаты працы павінна быць увязанае з ростам прадукцыйнасьці працы і не перавышаць гэтага росту. Гэта прынцыповая задача, прынцыповыя патрабаваньні, у тым ліку і ў адносінах да дзяржаўнага сэктару».
Падвышэньне аплаты працы павінна быць увязанае з ростам прадукцыйнасьці працы і не перавышаць гэтага росту.

Мяркуючы па тым, што за студзень-травень рост прадукцыйнасьці працы ненашмат перавысіў 5%, то і карэктаваньня заробкаў можна чакаць у гэтых межах. Гэта пацьвердзіў і намесьнік міністра фінансаў Максім Ермаловіч:

«Задача ў бягучым годзе — павялічыць прыбыткі работнікаў бюджэтнага сэктару на 5% у рэальным вылічэньні. Рэалізуючы гэтую задачу, мы ўжо зрабілі сур’ёзнае падвышэньне сёлета ў студзені, падняўшы тарыфную стаўку на 25%. І ў далейшым, па меры магчымасьці бюджэту, яго напаўняльнасьці, ідзём па шляху захаваньня намінальнага росту заработнай платы, актуалізацыі памеру заробку на ўзровень інфляцыі. Ёсьць закон аб індэксацыі даходаў насельніцтва: калі рост інфляцыі з моманту апошняга падвышэньня тарыфнай стаўкі І разраду перавышае 5%, то неабходна даходы індэксаваць у межах бюджэту пражытковага мінімуму. Такую стратэгію мы абралі і на гэты год. Арыентуемся на ўзровень інфляцыі ад моманту папярэдняга падвышэньня заробку. У тым выпадку, калі інфляцыя пачынае пераступаць 5-працэнтны парог, робім агульнае — ня ў межах бюджэту пражытковага мінімуму — падвышэньне тарыфнай стаўкі І разраду».

Індэкс спажывецкіх коштаў за першае паўгодзьдзе склаў 110,5%. Паводле Аляксандра Ярашэнкі, па гэтым паказьніку эканоміка збольшага ўкладаецца ў графік, і па выніках году ўрад мяркуе «ўціснуцца» у калідор 19–22%. Дарэчы, у 2013 годзе інфляцыя не павінна перавысіць 8,5%. Аднак, на думку экспэртаў, абцяжараная загадамі выйсьці да канца году любым чынам на сярэдні заробак у 500 даляраў эканоміка можа ня вытрымаць такой гонкі, што выкліча дадатковую эмісію і новы віток інфляцыі. Пры такім раскладзе размовы пра мітычныя 500 даляраў зноў могуць ператварыцца ў фармальнасьць. Гаворыць фінансавы аналітык Вадзім Іосуб:
Ёсьць рэальныя апасеньні: дзеля таго каб дасягнуць такога росту, пачнуць друкаваць грошы.

«Цяжка нешта прагназаваць — гэта ж адбудзецца не само па сабе, гэта залежыць ад палітыкі, якая праводзіцца. Атрымліваецца, што ня ўсё тут у руках таго ж Нацыянальнага банку. Увогуле Нацбанк усё, што можа, робіць. У тым пляне, што пакідае працэнтную стаўку дадатнай, вышэйшай за інфляцыю. Але спачатку Снапкоў (міністар эканомікі — РС) заявіў, што мы не адыходзім ад прагнозу 5,5% ВУП на канец году, потым кіраўнік дзяржавы пацьвердзіў гэты прагноз. А паколькі ўнутраных крыніцаў для такога росту эканомікі няма, то ёсьць рэальныя апасеньні: дзеля таго каб дасягнуць такога росту, пачнуць друкаваць грошы. І ў такім выпадку інфляцыя будзе, хутчэй за ўсё, вышэйшая за заплянаваную. Будзе яна такой ці не — гэта цалкам залежыць ад таго, якую эканамічную палітыку будуць нашы ўлады праводзіць у другой палове году. Таму зрабіць нейкі адназначны прагноз пакуль цяжка».

Якім чынам могуць атрымаць прывідныя паўтысячы даляраў работнікі стратных прадпрыемстваў, дзе ў лепшым выпадку выплачваецца мільён рублёў — Лукашэнка папросту забараніў плаціць меней? Коштам якіх рэсурсаў вылезьці з галечы? Намесьнік міністра эканомікі Аляксандар Ярашэнка перакананы: рэзэрвы ў прадпрыемстваў ёсьць, трэба толькі правільна іх пераразьмеркаваць:

«Аналіз фінансавых паказьнікаў і працы арганізацый, праведзены за студзень-травень, сьведчыць, што ўсё ж пэўны рэсурс у прадпрыемстваў ёсьць. У прыватнасьці, рост выручкі ад рэалізацыі прадукцыі, прыбытак і чысты прыбытак расьлі апераджальнымі тэмпамі над ростам сабекошту рэалізаванай прадукцыі. І гэта факт агульнавядомы. Так, прыбытак у нас у 3,5 раза павялічыўся, а калі гаварыць пра чысты прыбытак, то рост — аж у 3,8 раза. Для параўнаньня, сабекошт вырас за гэты пэрыяд у адносінах да студзеня-траўня мінулага году ўсяго ў 2,4 раза. То бок мы бачым, што пэўныя рэзэрвы сапраўды існуюць».

Ня надта вялікія спадзяваньні і на прыцягненьне наўпроставых замежных інвэстыцыяў. За паўгода атрымана 605 мільёнаў даляраў пры пляне 1 мільярд 200 мільёнаў. На наступны год задачы даведзеныя нашмат больш грунтоўныя — 4 мільярды 500 мільёнаў даляраў, з улікам прыватызацыі дзяржаўнай уласнасьці. Праўда, вышэйшае кіраўніцтва краіны ня раз паўтарала, што ласыя кавалкі беларускай эканомікі не прадаюцца.