Расейскія арганізацыі стануць "замежнымі агентамі"

Сэсія Дзярждумы 13 ліпеня

Дзяржаўная дума Расеі ўхваліла законапраект, які ўводзіць новыя абмежаваньні на дзейнасьць недзяржаўных арганізацый, якія атрымоўваюць замежнае фінансаваньне. Такім арганізацыям трэба будзе рэгістравацца ў якасьці «замежных агентаў».
Дума таксама ўхваліла зьмены ў закон, паводле якіх зьнявага гонару і паклёп робяцца крымінальнымі злачынствамі. За такія дзеяньні будуць пагражаць вялікія штрафы.

Абедзьве зьмены яшчэ мае ўхваліць верхняя палата расейскага парлямэнту і падпісаць прэзыдэнт Уладзімер Пуцін.

Сёньня ж больш за сто дэпутатаў Думы ад Кампартыі і партыі «Справядлівая Расея» падпісалі зварот у Канстытуцыйны Суд з заклікам праверыць нядаўна прыняты закон, якім уводзяцца вялікія штрафы за ўдзел у несанкцыянаваных дэманстрацыях. Падпісанты звароту лічаць, што закон, прыняты галасамі кіроўнай партыі «Адзіная Расея», не адпавядае Канстытуцыі.