Суд над Цімашэнкай адклалі да 23 ліпеня

Праціўнікі Цімашэнкі каля суду

Суд у Харкаве адклаў прызначаны на сёньня разгляд справы былой кіраўніцы ўкраінскага ўраду Юліі Цімашэнкі. Яна абвінавачваецца ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў.
Суд абвясьціў, што Цімашэнка не змагла прысутнічаць на разглядзе справы з-за кепскага стану здароўя. Працэс перанесены на 23 ліпеня.

Цімашэнка, якая ўжо адбывае сямігадовы тэрмін турэмнага зьняволеньня па абвінавачваньні ў злоўжываньні службовым становішчам, цяпер праходзіць лячэньне ад хваробы сьпіны. Каля будынку суду ў Харкаве сёньня сабраліся сотні людзей — як прыхільнікі, гэтак і праціўнікі Цімашэнкі.

Цімашэнка адхіляе ўсе вылучаныя супраць яе абвінавачваньні і называе іх палітычна матываванымі. Яе арышт і асуджэньне сапсавалі стасункі Ўкраіны са Злучанымі Штатамі і Эўрапейскім Зьвязам. З-за адмовы кіраўнікоў шэрагу краін Эўразьвязу ехаць ва Ўкраіну на саміт ЭЗ-Украіна саміт быў скасаваны, некаторыя лідэры дзяржаваў Зьвязу байкатавалі матчы футбольнага чэмпіянату Эўропы, які нядаўна адбываўся ва Ўкраіне.