Гулак: «Барацьба з тэрарызмам» – закручваньне гаек

Алег Гулак

Навошта Міністэрству інфармацыі змагацца з тэрарызмам?
У сьпіс дзяржаўных установаў, якія змагаюцца з тэрарызмам і экстрэмізмам, могуць дадацца Памежны і Мытны камітэты Беларусі, а таксама Міністэрства інфармацыі. Такая норма закладзеная ў зьмяненьнях і дапаўненьнях у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь у пытаньнях барацьбы з тэрарызмам і супрацьдзеяньня экстрэмізму.

Старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак лічыць, што пад выглядам «барацьбы з тэрарызмам» улады ўсё больш нагнятаюць гістэрыю ў грамадзтве.

Гулак: «З аднаго боку, Беларусь не абмінула праблема тэрарызму. З другога боку, у мяне ўражаньне, што гэтая тэма выкарыстоўваецца для закручваньня гаек. Пад выглядам барацьбы з тэрарызмам усё больш нагнятаецца атмасфэра гістэрыі.

Грамадзтву невідавочна, што з рэальнымі тэрактамі барацьба вядзецца максымальна эфэктыўна. Увесь час ідзе гаворка пра нейкія тэрарыстычныя групы, пры гэтым нічога канкрэтнага няма, але як страшылкі гэта выкарыстоўваецца і гайкі закручваюцца».

Намесьнік старшыні БАЖ, рэдактар інтэрнэт-газэты «Салідарнасьць» Аляксандар Старыкевіч адзначае, што новыя функцыі Міністэрства інфармацыі могуць прывесьці да новых захадаў супраць незалежных СМІ.

Старыкевіч: «Звычайна ўвесь дзяржаўны апарат заточаны не на барацьбу з тэрарызмам, а на барацьбу з апазыцыяй і тымі, хто мае адрозную думку. І часам гэтыя іншадумцы разглядаюцца як тэрарысты, дастаткова ўспомніць любімыя словы Лукашэнкі пра „пятую калёну“. І тое, што ўлада падключае тут і Міністэрства інфармацыі, сьведчыць пра тое, што могуць быць самыя розныя захады да СМІ, якія будуць паведамляць пра тыя ці іншыя дзеяньні апазыцыі».