Новы Эгіпет вачыма беларусаў

Экспэрты не выключаюць, што перамога на прэзыдэнцкіх выбарах у Эгіпце вылучэнца ад раней забароненага ісламісцкага руху «Браты-мусульмане» Мухамада Мурсі разьверне краіну са сьвецкага шляху і прывядзе да ўсталяваньня законаў шарыяту. Чуваць меркаваньні, што новыя ўлады прымусяць падпарадкоўвацца законам ісламу і замежных турыстаў. Ці адбіваюцца палітычныя пераўтварэньні на папулярным сярод беларусаў адпачынку на ўзьбярэжжы Чырвонага мора?
У шэрагу краінаў, уключна з Расеяй, міжнародны рух «Браты-мусульмане» прызнаны экстрэмісцкай арганізацыяй. Аднак сам Мухамад Мурсі запэўнівае, што радыкалізацыя палітычнага рэжыму Эгіпту не пагражае і замежнікам няма падставаў турбавацца. Аршанец Іван Макей адпачываў у Шарм-эль-Шэйху падчас першага туру прэзыдэнцкіх выбараў і кажа, што на турыстах выбарная кампанія не адбілася. Але ўдакладняе, што пра непажаданасьць шпацыраў за межамі гатэля іх папярэджвалі:

«Якраз быў першы этап выбараў, і мясцовы прадстаўнік турфірмы „Тэз-тур“
Дзяўчаты гулялі — як былі ў шортах, так і пайшлі ...

папярэдзіў, што непасрэдна ў дні выбараў — а гэта былі субота і нядзеля — не рэкамэндуецца выходзіць за тэрыторыю гатэля. Хоць за тэрыторыяй было ўсё спакойна, нармальна. Таму на курортах усё па-старому, без аніякіх зьменаў. Гатэль што год таму, што пару гадоў таму — усё выглядае гэтак жа сама. На вуліцу выходзілі на рынак прайсьці — таксама без праблемаў. Дзяўчаты гулялі — як былі ў шортах, так і пайшлі. Ня думаю, што нешта істотна зьменіцца. У Арабскія Эміраты езьдзяць жа, хоць там і дзейнічаюць правілы шарыяту. Адзінае, што там мужчынам нельга ў грамадзкіх месцах у шортах зьяўляцца, жанчынам таксама трэба ўлічваць нюансы, хусткі завязваць. Але ж курорты ёсьць, езьдзяць людзі, адпачываюць».

Штогод на эгіпецкіх курортах адпачывае блізу 15 мільёнаў замежнікаў, якія пакідаюць у краіне больш за 10 мільярдаў даляраў. Людзей прывабліваюць ня толькі велічныя піраміды, але і гатэльная сыстэма all-inclusive, якая дазваляе есьці і піць практычна круглыя суткі. Але калі ўжываньне алькаголю абмяжуюць ці забароняць увогуле, то, як мяркуе Іван Макей, турыстычная галіна можа моцна пацярпець:

«Магчыма, крыху плынь скароціцца. Праўда, там і без таго з-за гэтых рэвалюцыйных спраў колькасьць турыстаў істотна зьменшылася — як падлічылі самі эгіпцяне, на добрых 30%. А як насамрэч будзе? Можа, наадварот, за кошт стабільнасьці — што ўжо ня будзе нейкіх рэвалюцыйных падзеяў — усё і наладзіцца. Але калі раптам усё ж распаўсюдзяць „сухі закон“ на гатэлі, то такім чынам яны загубяць сваю турыстычную галіну, якая прыносіць ім неслабы прыбытак. І ня толькі расейцы перастануць езьдзіць. Мы жылі ў корпусе з палякамі, дык палякі таксама нармальна ўжываюць. Ды ўсе на халяву п’юць — і немцы, і брытанцы. Натуральна, калі яны свае парадкі распаўсюдзяць і на гэтыя рэзэрвацыі, то бізнэс турыстычны памрэ, гэта зразумела. Зь іншага боку, па-мойму, у гатэлях тых жа Эміратаў піць алькаголь можна. Так што страхі, цалкам верагодна, перабольшаныя».

Вольга Купрэйчык з Баранавічаў ужо некалькі гадоў працуе на рэцэпцыі ў 5-зоркавым гатэлі блізу Хургады. Лічыць, што прынамсі бліжэйшым часам наўрад ці варта чакаць істотнага скарачэньня колькасьці беларускіх турыстаў, бо іх і без таго ня так шмат. Але галоўнае, што курорты традыцыйна застаюцца аўтаномнымі зонамі, якія кіруюцца перадусім інтарэсамі замежнікаў. Гэта павінны разумець і новыя ўлады краіны:

«У параўнаньні зь іншымі беларускіх турыстаў вельмі мала. На месяц у нашым
У параўнаньні зь іншымі беларускіх турыстаў вельмі мала. На месяц у нашым гатэлі ўсяго 2–3 пакоі занятыя беларусамі ...

гатэлі ўсяго 2–3 пакоі занятыя беларусамі. У нас новыя заезды кожны аўторак, і зь Беларусі турыстаў зусім няшмат, хоць насамрэч землякоў хацелася б, вядома, больш бачыць. Ня ведаю, у чым прычына, можа, проста „пяць зорак“ для іх задорага. А вось для расейцаў ня дорага, у асноўным масквічы і прыяжджаюць. Дарэчы, украінцы таксама адпачываюць. Літвы вельмі мала, Латвіі мала, Польшчы мала. Немцаў поўна. Але ў іх вельмі дарагія пуцёўкі, таму яны і патрабуюць адпаведнага сэрвісу. Любая маленькая праблема можа іх вывесьці зь сябе. Тады яны прыходзяць і б’юць тут попельніцы. Таму ня думаю, што хтосьці будзе добраахвотна адмаўляцца ад турыстаў, якія прыносяць такі прыбытак, дзеля палітычных амбіцый».

Тым часам усясьветныя СМІ цытуюць выказваньні паплечнікаў Мухамада Мурсі, зробленыя ў часе парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбараў. Так, прадстаўніца партыі «Браты-мусульмане» Аза аль-Джарф заяўляла, што турыстам няма чаго піць сьпіртное падчас адпачынку ў ісламскай краіне. Па яе словах, людзі павінны ехаць, каб паглядзець старажытную цывілізацыю, а не напівацца.

Адзін з ісламскіх лідэраў Ясер Бурхамі раіць увесьці «халяльны турызм», дзе ў безалькагольных гатэлях мужчыны і жанчыны будуць атрымліваць асалоду ад адпачынку на асобных пляжах. Ён жа прыхільнік таго, каб жанчыны зьмянілі бікіні і нават закрытыя купальнікі на балахоны, у якіх купаюцца мясцовыя жыхаркі. Яшчэ больш радыкальна выказаўся суніцкі багаслоў Юсуф аль-Кардаві. Ён за тое, каб у Эгіпце пачалі адсякаць рукі парушальнікам законаў шарыяту. У выпадку ўсталяваньня новых, нашмат больш жорсткіх нормаў замежным турыстам давядзецца ці забыцца на пляжы Чырвонага мора, ці цалкам падпарадкавацца суровым законам ісламу.