У Баранавічах забаранілі пікет «За выбары па законе»

Рыгор Грык

Баранавіцкі гарвыканкам забараніў правядзеньне пікету «за выбары па законе і Канстытуцыі», заяўку на які падаваў апазыцыянэр Рыгор Грык.
У лісьце намесьніка старшыні Баранавіцкага гарвыканкаму Дзьмітрыя Касьцюкевіча Рыгору Грыку паведамляецца, што пікет забаронены, бо заяўка на пікет не адпавядае закону аб масавых мерапрыемствах.

Пікет з мэтай «прапаганды дэмакратызацыі выбарчага заканадаўства» Рыгор Грык хацеў правесьці 1 ліпеня ў Старым парку Баранавічаў.

Спадар меркаваў, што ў ім возьме ўдзел тры чалавекі.

Баранавіцкі апазыцыянэр кажа, што заключыў і дамовы на абслугоўваньне пікету з камунальнікамі, міліцыяй і мэдыкамі, таму цяпер не разумее, чаму чарговы пікет забаронены.

Гэта пяты сёлета пікет, які баранавіцкі гарвыканкам забараніў праводзіць Рыгору Грыку.