У Межаве шукаюць «Атлянтыду»

Your browser doesn’t support HTML5

Лера Сом пра мастацкі пленэр у Межава

24 чэрвеня на Віцебшчыне, у вёсцы Межава Аршанскага раёну, пачаўся 8-ы мастацкі пленэр «У пошуках Атлянтыды».
Такія пленэры з ініцыятывы паэткі Леры Сом і мастачкі Кацярыны Мясьніковай штогод ладзяцца ў невялікіх мястэчках, дзе ёсьць занядбаныя архітэктурныя помнікі або іншыя мясцовыя адметнасьці, якія варта захаваць для нашчадкаў. Мастакі спрабуюць гэта зрабіць праз свае творы — калі ўжо ў дзяржавы няма сродкаў рэстаўраваць гістарычную спадчыну, ствараючы прывабныя турыстычныя аб’екты.

Вёска Межава — за за якіх 30 кілямэтраў ад Воршы. Цяпер гэта аграгарадок, дзе жыве пад тысячу чалавек. Тут ёсьць пошта, аддзяленьне Беларусбанку, пяць крамаў, сельсавет у даволі новым цагляным будынку. У неблагім стане трымаюць тут маляўнічую сыстэму сажалак у навакольлі былога маёнтку — сядзібнага комплексу канца ХІХ стагодзьдзя. А вось захадаў, каб аднавіць архітэктурную спадчыну, пакуль не відаць.

Арганізатарка пленэру Лера Сом

Таму галоўная мэта сёлетняга пленэру — прыцягнуць увагу да гэтай праблемы, кажа арганізатарка Лера Сом.

Дапамагаў у арганізацыі пленэру і мясцовы праваслаўны сьвятар айцец Аляксандар. Ён паспрыяў, каб мастакі зь Менску, Гомелю, Віцебску, Наваполацку пасяліліся ў мясцовай школе.

Пленэр будзе доўжыцца тыдзень. Памятак даўніны ў Межаве багата. Гэта і сядзібны дом, пабудаваны ў канцы 19 стагодзьдзя ў стылі «мадэрн», часткова разбураны ў Вялікую Айчынную вайну, а потым адноўлены. Цяпер частку былога сядзібнага будынка займае праваслаўная царква сьвятога Серафіма Сароўскага. Гэта і яшчэ адна царква — ужо паўразбураная, пабудаваная ў 1830-я гады тагачасным уладальнікам маёнтку Канстанцінам Любамірскім. І штучны парк з сажалкамі, закладзены ў 1901 годзе, а таксама ўзоры прамысловай архітэктуры пачатку мінулага стагодзьдзя — бровар і гаспадарчыя пабудовы.

Па выніках пленэру прынята ладзіць выставы. Першая традыцыйна адбываецца ў тым самым месцы, дзе працавалі мастакі. Так што праз тыдзень першымі гледачамі новых мастацкіх твораў будуць жыхары Межава.

Пазьней, калі мастацкія працы будуць канчаткова завершаныя, выставы твораў удзельнікаў пленэру пройдуць у Віцебску, Полацку, Воршы і Менску. У гэтых гарадох ужо выстаўляліся працы, напісаныя падчас мінулых пленэраў у Лявонпалі, Дзісьне, Друі, Асьвеі і Вопсе, Лучаі, Смалянах. Плянуецца і выдаць новы, ужо другі каталёг мастацкіх твораў удзельнікаў пленэру.

Першыя накіды



Былы маёнтак, цяпер царква



Паўразбураная Пакроўская царква



Сучасная архітэктура Межава



Межаўскі краявід