Літоўскі Сойм даў зялёнае сьвятло пабудове Вісагінскай АЭС

Рэактар старой Ігналінскай АЭС

У чацьвер Сойм Літвы прагаласаваў за зьмены ў Законе аб атамнай электрастанцыі, неабходныя для рэалізацыі плянаў будаўніцтва Вісагінской АЭС, і за канцэсiйную дамову з стратэгічным інвэстарам Hitachi.
Па адной з найбольш важных зьменаў праводзілася пайменнае галасаваньне, апошні раз такая практыка ўжывалася ў 1993 годзе.

Галасаваньне працягвалася паўгадзіны, затым старшыня Сойму Ірэна Дзягуцене абвясьціла, як прагаласаваў кожны дэпутат. Усяго ў ім бралі ўдзел 74 дэпутаты. Па пытаньні зьменаў закону аб АЭС галасавалі 70 парлямэнтароў, супраць — 2, устрымаліся — 2. Папраўкі былі прынятыя. Сацыял-дэмакраты адмовіліся ад удзелу ў галасаваньні.

У галасаваньні наконт закону аб перадачы канцэсіі і прыняцьці Літоўскай Рэспублікай на сябе маёмасных абавязаньняў з 74 дэпутатаў 69 галасавалі за, 2 — супраць і 3 — устрымаліся. Канцэсійная дамова з стратэгічным інвэстарам — японскім канцэрнам Hitachi — была ўхваленая.

Пасьля абодвух галасаваньняў з шэрагаў прыхільнікаў і апанэнтаў АЭС, якія сабраліся на бальконе залі паседежаньняў, гучалі як воплескі, так і крыкі незадавальненьня. Сьпікер сойму Ірэна Дзягуцене была нават вымушана супакойваць апанэнтаў пабудовы АЭС і нагадаць ім, што паседжаньне Сойму — не спэктакль.

Паводле разьлікаў, праект новай АЭС будзе каштаваць каля 17 мільярдаў літаў (6,2 мільярдаў даляраў). Літва мае выдзеліць на гэты праект 6 мільярдаў літаў. Пабудову станцыі плянуецца пачаць у 2015 годзе. Плянаваны пачатак вытворчасьці электрычнасьці — 2020 год. Чакаецца, што праект пабудовы АЭС створыць 6 тысячаў новых працоўных месцаў.

У сувязі з тым, што Літва да 2020 году мае далучыцца да заходнеэўрапейскіх электрасетак, міністар энэргетыкі Літвы Арвідас Сякмокас зазначыў, што без сваёй вытворчасьці энэргіі і пры сфармаваньні дэфіцытнага рынку Літве можа і не ўдацца ажыцьцявіць гэтыя пляны.

У дамове аб канцэсіі Вісагінскай АЭС вызначана, што Літве будзе належаць 38 працэнтаў акцыяў, стратэгічнаму інвэстару — 20, латвійскай фірме Latvenergo — 20, эстонскай Eesti Energia — 22 працэнты.

Дамова аб канцэсіі можа быць падпісана да 28 чэрвеня. Калі дамова будзе падпісаная, праектныя працы працягнуцца. Канчатковае рашэньне аб інвэставаньні мае быць прынятае да 31 сакавіка 2015 году.