Ці ўхіляюцца беларусы ад падаткаў?

Сёлета на чвэрць павялічылася колькасьць людзей, якія падалі падатковыя дэклярацыі. Інспэкцыі налічылі ўдвая больш падаткаў, чым летась.
Да 1 траўня 2012 году было прадстаўлена 27.645 падатковых дэклярацый. Колькасьць людзей, якія падалі падатковыя дэклярацыі за леташні год, павялічылася на 24% у параўнаньні з папярэднім годам.

Пра гэта паведаміў сёньня на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску начальнік галоўнага ўпраўленьня падаткаабкладаньня фізычных асоб міністэрства па падатках і зборах Міхаіл Расолька.

Па выніках пераразьліку аказалася, што палова з тых, хто задэкляравалі свае даходы, павінны выплаціць 53,3 млрд. рублёў падатку, што ўдвая вышэй за леташні паказчык.

Паводле Міхаіла Расолькі, павелічэньне сум падаходнага падатку зьвязана з тым, што шмат хто атрымаў у 2011 годзе даходы ад продажу двух і больш аўтамабіляў, а таксама ад рэалізацыі каштоўных папер.

Ці не замалая колькасьць людзей падае падатковыя дэклярацыі?

«У нас праца на некалькіх месцах ідзе ці па працоўных дамовах ці па дамовах падраду, а там аўтаматычна здымаецца падаходны падатак, — кажа эканаміст Сяргей Чалы. — Тыя, хто разумее, што ім давядзецца атрымліваць даход з некалькіх крыніцаў, часьцей за ўсё афармляюцца як індывідуальныя прадпрымальнікі, яны плацяць фіксаваную стаўку і такім чынам пазьбягаюць падачы дэклярацый.

Што тычыцца пераводаў з-за мяжы, то гэта рэч, якая адсочваецца. Вялікія сумы там і атрымаць можна толькі з пэўнымі бюракратычнымі выдаткамі.

Я ня думаю, што гэтая лічба пададзеных дэклярацый сьведчыць пра маштабнае ўхіленьне ад падаткаў. Хутчэй, гэта сьведчыць пра нізкую эканамічную актыўнасьць насельніцтва.»