Што адбываецца на валютным рынку?

Назіраецца ператок рублёвых дэпазытаў у валютныя. Ці сапраўды сярод насельніцтва зьявіліся панічныя настроі? У чым прычыны хваляваньняў? Як гэта паўплывае на эканамічную палітыку ўладаў?
Удзельнікі: прафэсар Барыс Жаліба і экспэрт Беларускага эканамічнага дасьледча-адукацыйнага цэнтру Зьміцер Крук.
У чым прычыны хваляваньняў на валютным рынку?

Валер Карбалевіч: «Інфармацыя пра тое, што насельніцтва пераводзіць рублёвыя дэпазыты ў валютныя, зьявілася некалькі дзён таму. Цяпер яе пацьвердзіла старшыня праўленьня Нацбанку Ермакова. Таксама зьявілася паведамленьне, што ў Гомелі мелі месца перабоі з валютай. Людзі сталі менш прадаваць, больш купляць валюту. Што адбываецца на валютным рынку?»

Барыс Жаліба

Барыс Жаліба: «Насельніцтва перажывае сындром мінулагодняга валютнага крызісу. Таму палохаецца ад ваганьняў курсу рубля. Але тут ёсьць і рацыянальныя чыньнікі. Шмат укладчыкаў клалі грошы на кароткія рублёвыя дэпазыты, якія былі выгаднымі. Тэрмін іх дзеяньня скончыўся. Таму, гледзячы на тое, што стаўка рэфінансаваньня зьніжаецца, яны пераарыентуюцца на валютныя ўклады. А іншыя глядзяць на гэта і панікуюць. Акрамя таго, з пачаткам адпускнога пэрыяду людзі больш купляюць валюты, каб зьезьдзіць на адпачынак за мяжу. Гэта таксама ўплывае на гэты працэс. Але, думаю, праз тыдзень курс даляра зьнізіцца».

Зьміцер Крук

Зьміцер Крук: «Для ўзмацненьня даляра ёсьць шэраг фундамэнтальных фактараў. Гэта, па-першае, узмацненьне даляра на ўсясьветных рынках адносна эўра, японскай іены цягам апошніх некалькі тыдняў. Па-другое, аплатны балянс за сакавік і красавік быў дэфіцытны. І гэта адбілася на ўнутраным валютным рынку.

А сярод насельніцтва існуюць не панічныя настроі, а інфляцыйныя і дэвальвацыйныя чаканьні, як вынік леташняга крызісу. Таму любая дрэнная навіна ўплывае на паводзіны насельніцтва. Праблема ў тым, што не існуе лёгкага шляху пераадоленьня гэтых чаканьняў. Дзеля гэтага Нацбанку патрабуюцца празрыстыя працэдуры па барацьбе з інфляцыяй. Але ён робіць акцэнт толькі на стаўку рэфінансаваньня. На мой погляд, гэта другасная мера, якая павінна падмацоўваць больш канцэптуальныя рашэньні».
Як гэта паўплывае на эканамічную палітыку ўладаў?

Карбалевіч: «Сапраўды, адным з вынікаў мінулагодняга крызісу стала рэзкае ўзрастаньне псыхалягічнага чыньніка на валютным рынку. І, напрыклад, калі Лукашэнка кажа, што пад канец году сярэдні заробак у краіне будзе 500 даляраў, то шмат хто можа пабегчы ў банк і здымаць свае грошы. Бо людзі маюць добры досьвед, чым скончылася мінулым разам штучнае падвышэньне заробку да 500 даляраў».

Жаліба: «Так, адна з высноў мінулагодняга крызісу палягае ў тым, што людзі сталі больш уважліва сачыць за навінамі на валютным рынку. Калі абменны курс рубля адносна даляра падае на 200–300 рублёў, мае калегі, знаёмыя пытаюцца ў мяне, што рабіць, ці купляць даляры, ці здымаць рублёвыя ўклады і інш.

Думаю, вялікіх прычын для трывогі няма. У Нацбанку адносна дастатковыя валютныя рэзэрвы — каля 8 млрд. даляраў. Таму ён у стане рабіць кропкавыя інтэрвэнцыі на біржы, каб згладзіць вялікія ваганьні курсу. Вось падчас свайго візыту Пуцін зрабіў падарунак, і хутка паступіць чарговы транш крэдыту ад Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС у памеры 440 млн даляраў. А восеньню будзе яшчэ адзін транш. Таксама трэба адзначыць, што летнімі месяцамі інфляцыя зьніжаецца, бо садавіна і гародніна таньнее. Таму для панікі няма прычын. А Нацбанку трэба больш актыўна тлумачыць насельніцтву сваю палітыку».

Крук: «У гэтых умовах зьніжаецца аўтаномнасьць манэтарнай палітыкі. Вялікай праблемай становіцца праблема далярызацыі эканомікі. Патрэбна дэдалярызацыя эканомікі. Але не з дапамогай забароны разьлікаў у валюце ў адносінах паміж фізычнымі асобамі. Трэба стварыць стымулы, каб юрыдычныя і фізычныя асобы рабілі ашчаджэньні ў нацыянальнай валюце. Для гэтага патрэбны давер да манэтарнай палітыкі ўладаў. Трэба, каб Нацбанк ня проста дэкляраваў барацьбу з інфляцыяй, а прапанаваў падрабязны сцэнар дасягненьня гэтай мэты».

Жаліба: «Зьніжэньне ўсясьветных цэнаў на нафту прывяло да зьніжэньня курсу і расейскага, і беларускага рубля. Бо асноўны экспартны тавар Беларусі — нафтапрадукты».