gazeta.ru: Навошта Менску спатрэбілася вэнэсуэльская нафта?

Пра палітычна-эканамічныя маніпуляцыі беларускіх уладаў на нафтавым рынку піша ў матэрыяле «Менск растварае расейскую нафту» --> http://www.gazeta.ru/business/2012/06/08/4617993.shtml расейскі інтэрнэт-рэсурс gazeta.ru.
Беларусь спыняе закупкі нафты ў Вэнэсуэле, якія вяліся з 2010 году. З эканамічнага гледзішча гэты праект аказаўся цалкам стратным, як прызналі ўлады рэспублікі. Заява прагучала на фоне чарговага скандалу: беларускія НПЗ, каб не выплачваць Расіі экспартнае мыта, замест паліва вырабляюць з расейскай нафты растваральнікі і змазачныя матэрыялы.

Беларусі няма эканамічнага сэнсу і далей імпартаваць нафту з Вэнэсуэлы. Пра гэта паведаміў у чацьвер беларускі віцэ-прэм’ер Уладзімер Сямашка, камэнтуючы спыненьне паставак. «Зрэшты, апошняе слова — за Лукашэнкам», — дадаў Сямашка.

Беларусь пачала імпартаваць вэнэсуэльскую нафту ў 2010 годзе. Тады ўрад называў гэта сваім вялікім зьнешнеэканамічным посьпехам, хоць вэнэсуэльская нафта заўсёды была для рэспублікі даражэйшай за расейскую.

У студзені-сакавіку 2012 году кошт вэнэсуэльскай нафты для Беларусі склаў 917 даляраў за тону, а расейскай — каля 442 даляраў за тону.

«Эканоміка саступала месца палітыцы. Нядаўна Сямашка прызнаў, што Беларусь купляла нафту ў Вэнэсуэлы для таго, каб дамовіцца аб куплі расійскай нафты на больш выгадных умовах», — нагадвае фінансавы аналітык Юры Дубіна. І разьлік, па словах Сямашкі, апраўдаўся. «Калі б не было паставак вэнэсуэльскай нафты ў мінулыя гады, то, напэўна, не адбылося б пагадненьня аб стварэньні адзінага рынку нафты і нафтапрадуктаў. Сёньня, дзякуй Богу, гэтае пагадненьне адбылося, і мы атрымліваем нафту на добрых умовах ад нашых партнэраў з Мытнага саюзу і Адзінай эканамічнай прасторы. На якіх умовах — вы ведаеце: гэта бяз мыта і кватаваньня, а таксама іншых падобных абмежаваньняў», — пахваліўся віцэ-прэм’ер 19 траўня ў Лёндане, дзе прымаў удзел у пасяджэньні Рады кіраўнікоў ЭБРР.

Аб спыненьні закупак вэнэсуэльскай нафты Сямашка абвясьціў праз тыдзень пасьля свайго вяртаньня з Вэнэсуэлы. Афіцыйнай «мэтай візыту было абмеркаваньне найбольш важных аспэктаў двухбаковага супрацоўніцтва». У канцы чэрвеня ў Вэнэсуэлу накіруецца Аляксандар Лукашэнка. Ці будзе абмяркоўвацца на сустрэчы з прэзыдэнтам Уга Чавэсам «нафтавае пытаньне», ці ўсё ўжо канчаткова вырашана, у беларускім урадзе не ўдакладняюць.

З 2011 году Беларусь бязмытна атрымлівае расейскую нафту і нафтапрадукты. Нафтапрадукты, якія атрымліваюцца на беларускіх НПЗ з расейскай нафты, ідуць на экспарт, а экспартнае мыта пералiчваецца ў бюджэт Расеі. Цяпер яно складае каля 270 даляраў з кожнай тоны — але распаўсюджваецца толькі на вырабленае з нафты паліва. Пазьбегнуць мыта можна, вырабляючы з нафты хімічную прадукцыю — і тады расейскі бюджэт нічога не атрымлівае. Беларусь з выгадай выкарыстоўвае гэтую акалічнасьць. «За апошнія гады Беларусь стала пастаўляць на экспарт растваральнікаў ды таксама змазачных матэрыялаў у разы больш за традыцыйных лідэраў гэтага рынку — Нямеччыну, ЗША і іншыя краіны.

«У 2011 годзе гэта прынесла звыш 1,9 мільярда, хоць яшчэ годам раней — толькі 160 мільёнаў» — кажа беларускі палітоляг Віктар Дзямідаў. — «Прасьцей кажучы, Беларусь гоніць на Захад пад выглядам хімічнай прадукцыі паліва, вырабленае з расейскай бязмытнай нафты».

На гэты факт зьвярнула ўвагу і Расея. У пачатку чэрвеня на прэсазвай канфэрэнцыі ў Менску амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў заявіў, што імпарт расейскіх нафтапрадуктаў Беларусьсю ў апошнія гады моцна вырас, у тым ліку ў 2012 годзе — у чатыры разы. «Беларусь імпартуе больш, чым трэба для ўнутранага спажываньня. Было заўважана, што ў справаздачнасьці Мытнага саюзу зьявіліся растваральнікі, якія не абкладаюцца мытам. Летась іх было два мільёны тон», — растлумачыў агенцтву БелаПАН Сурыкаў. Паводле яго, гэтымі пытаньнямі цяпер займаюцца адпаведныя расейскія структуры.

Калі скандал набярэ абароты, вэнэсуэльская нафта можа зноў спатрэбіцца Беларусі, іранізуюць экспэрты.