Уладзімір Някляеў: «Указ Лукашэнкі — гэта не пячатка Бога»

Мітынг супраць будаўніцтва кітайскага індустрыяльнага парку, архіўнае фота

Наведваючы Кітай, кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Ўладзімер Макей заявіў, што Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ аб стварэньні ў Смалявіцкім раёне на Меншчыне беларуска-кітайскага індустрыяльнага парку.
Будоўля індустрыяльнага парку пагражае адсяленьнем 15 вёскам і больш як 30 таварыствам дачнікаў. Яшчэ ад мінулага году іх жыхары пратэстуюць супраць інвэстыцыйнага кітайскага праекту. Якую рэакцыю выклікала ў жыхароў і дачнікаў Смалявіцкага раёну навіна пра падпісаны ўказ?

Падрабязнасьці да тэмы ўдакладняе карэспандэнт «Свабоды».

На думку тутэйшых жыхароў і дачнікаў, зараз спраўджваецца найгоршае з таго, пра што казалі ўдзельнікі ініцыятыўнай групы па арганізацыі калектыўнага пратэсту супраць плянаванага будаўніцтва. Гаворыць спадарыня Валянціна зь вёскі Заямнае Смалявіцкага раёну:

«Наша дзяржаўная ўлада — гэта ня ўвесь народ. Гэта — факт, бо чыноўнікі — людзі паднявольныя, і яны перадусім выказваюцца за будаўніцтва гэтага парку».

Карэспанндэнт: «А ці ёсьць у вёсцы людзі, якія кажуць, што прыйдуць сюды кітайцы і, магчыма, жыцьцё палепшыцца?»

Спадарыня Валянціна: «Не, у маім асяродзьдзі такіх людзей няма. Усе выказваюцца супраць! Праўда, многія ня вераць, што яны могуць чымсьці дапамагчы пратэсту, але згодных з думкаю, што эканамічная сытуацыя тут палепшыцца, — такіх няма...»

Спадарыня Ірына жыве ў вёсцы Быкачын. Яе меркаваньне:

«Фактычна нашы людзі супраць будаўніцтва гэтага парку, бо будуць створаныя ўмовы, паводле якіх людзі будуць змушаныя пакінуць гэтыя тэрыторыі.

Наша вёска знаходзіцца на горцы, і мы бачым, што адбываецца навокал. І ўжо зараз тут высякаюць лес. Бярвеньне ўжо ляжыць вакол дарог».

Дачныя таварыствы Смалявіцкага раёну былі створаныя больш як 30 гадоў таму. Цяпер гэта — абжытыя тэрыторыі, упарадкаваныя дамы і ўрадлівыя гароды. Баючыся іх страціць, людзі нагадваюць пра досьвед Расеі ў прадухіленьні такіх канфліктаў, да прыкладу, у алімпійскім Сочы. Пра гэта кажа спадарыня Тамара:

«Каб і нам пабудавалі іншае жыльлё ды стварылі належныя ўмовы, то, магчыма, людзі пагадзіліся б перабрацца ў іншае месца. Але ж нам нічога ўзамен не прапаноўваюць. А мы тут сваімі сіламі і за свае грошы водаправод праклалі, газ падвялі, дробным каменьнем дарогу высыпалі, сады пасадзілі...»

Пакрыўджаным уладай жыхарам вёсак і дачнікам Смалявіцкага раёну дапамагае грамадзянская кампанія «Гавары праўду». Яе актывісты забясьпечваюць інфармацыйную й юрыдычную падтрымку ў падрыхтоўцы мясцовага рэфэрэндуму. Як кажа кіраўнік кампаніі, былы кандыдат на прэзыдэнта Ўладзімер Някляеў, людзей не пакінуць адных і ў цяперашняй сытуацыі:

«Што цяпер рабіць людзям? Указ Лукашэнкі — гэта не пячатка Бога, так? Гэты ягоны ўказ ня можа спыніць людзей у змаганьні за тое, што яны бароняць. Маю на ўвазе маёмасьць, якая ў выпадку рэалізацыі плянаў, пад якімі паставіў свой подпіс Лукашэнка, будзе страчаная імі. Таму і мы будзем працягваць тую дзейнасьць, што пачалі разам. А гэта значыць — дабівацца рэфэрэндуму. Урэшце рэшт людзі павінны вырашаць лёс такіх праектаў, бо яны наўпрост зьвязаныя зь іх жыцьцём і жыцьцём іх дзяцей.

Я таксама лічу, што прычына гэтага канфлікту — чарговая спроба самаўпраўства Аляксандра Лукашэнкі, які, дэкляруючы, што ён тут „самы народны прэзыдэнт з усіх народных прэзыдэнтаў“, абсалютна ігнаруе волю людзей...»
Даведка «Свабоды»

Яшчэ ў сьнежні 2011 году дэпутаты беларускага парлямэнту ратыфікавалі міжурадавае пагадненьне аб будаўніцтве кітайска-беларускага індустрыяльнага парку ў Смалявіцкім раёне. У адпаведнасьці з гэтым дакумэнтам парк мае разьмясьціцца на тэрыторыі ў 80 квадратных кілямэтраў.