Кіпель: Калі маладыя захочуць, працяг будзе

Вітаўт Кіпель

Вітаўт Кіпель сьвяткуе 85-я ўгодкі і рыхтуе даведнік беларускай эміграцыі.
30 траўня ў 1927 годзе нарадзіўся Вітаўт Кіпель, беларуска-амэрыканскі грамадзкі дзяяч, публіцыст, дасьледнік. Дырэктар Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва. Пра пляны на будучыню, пра сытуацыю ў беларускай эміграцыі зь Вітаўтам Кіпелем гутарыў Франак Вячорка.

Вячорка: Зь якімі думкамі сустракаеце юбілей?

Кіпель: У плянах шмат кніжак. Для нас цяпер галоўнае – закончыць кніжку – даведнік пра эміграцыю. Ня толькі друк на эміграцыі, але і радыё на эміграцыі, і музыка на эміграцыі, розныя выданьні, манумэнты. З гэтым шмат працы, праверак, трэба ў бібліятэкі ісьці, пераглядаць газэты...

Вітаўт Кіпель

Вітаўт Кіпель


Вітаўт Кіпель — дырэктар Беларускага інстытуту навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку, доктар геалёгіі, вучоны-бібліёграф, вядомы грамадзка-культурны дзеяч беларускай дыяспары ў ЗША.

Ён толькі 8 гадоў жыў у Беларусі: першыя шэсьць год ад нараджэньня і потым два гады за нямецкай акупацыяй. У 1933 годзе Марыя Кіпель з шасьцігадовым сынам Вітаўтам выехалі ў Расею, дзе адбываў пакараньне бацька. Вярнуліся толькі ў вайну. У 1944 годзе сям’я Кіпеляў выехала на Захад. «Нас чакала альбо сьмерць, альбо Сыбір», — казаў Вітаўт Кіпель.

Спачатку Кіпелі апынуліся ў Нямеччыне, потым у Бэльгіі. У Лювэнскім унівэрсытэце Вітаўт атрымаў спэцыяльнасьць геоляга. Так склаўся лёс, што Кіпель стаў супрацоўнікам Нью-Ёрскай публічнай бібліятэкі.

Спадар Кіпель супрацоўнічаў зь беларускай службай Радыё Свабода, браў удзел у выданьні газэты «Беларус». У 1982 годзе Кіпель узначаліў Беларускі інстытут навукі й мастацтва. Колькасьць выдадзеных кніг за дырэктарствам Кіпеля вырасла ў некалькі разоў.

Старшыня Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» Алена Макоўская кажа:

«Сапраўды, ён — Беларус зь вялікай літары. На зьездах беларусаў сьвету вельмі шмат навукоўцаў з Расеі, іншых краінаў заўважалі, што ёсьць вельмі шмат прагалаў у гісторыі беларускай эміграцыі, асабліва тое, што тычыцца ўсходу ад Беларусі. Але дзякуючы такім людзям, як Вітаўт Кіпель, гэтыя прагалы ўсе запоўненыя адносна беларускага жыцьця ў ЗША, у Эўропе. Са спадарыняй Зорай яны зрабілі проста велізарную працу па дасьледаваньні бібліяграфіі беларускага друку на Захадзе. І мы можам толькі ганарыцца, што Вітаўт Кіпель — пастаянны сябра нашага Згуртаваньня, сябра вялікай рады. І што дзякуючы Кіпелю пабачылі сьвет шмат цікавых кніг пра гісторыю беларускай эміграцыі».

Дзясяткі бібліятэк у Беларусі маюць у фондах эміграцыйныя калекцыі дзякуючы таму, што Вітаўт Кіпель сам асабіста іх туды перадаваў ці дасылаў, часьцяком за свае ўласныя грошы. Зора і Вітаўт Кіпелі шмат зрабілі для зьбіраньня эміграцыйных беларускіх пэрыёдыкаў і друкаў. Найбагацейшая калекцыя склала 171 скрыню і была перададзеная на захаваньне ў Нью-Ёрскую публічную бібліятэку. Гэты збор стаў асновай унікальнай фундамэнтальнай працы «Беларускі друк на Захадзе: Бібліяграфія».

Мовазнаўца Зьміцер Саўка доўгі час працаваў разам зь Вітаўтам Кіпелем:

«Для мяне гэты чалавек паўстаў як волат беларушчыны ў Амэрыцы, як жывое ўвасабленьне беларускай традыцыі, якая ніколі не памірала. Разам мы стваралі бібліяграфію „Беларускія слоўнікі і энцыкляпэдыі“, былі і іншыя праекты. Гэта чалавек, які ўмее пераняцца тваім клопатам, пераняцца тваёй праблемай. Гэта чалавек, у якога, калі нешта з табою здарылася няўдалае, заўсёды знойдуцца словы падбадзёрыць. Гэта чалавек, які жыве справаю і здольны свой няўёмны імпульс перадаць кожнаму, хто ёсьць побач. Для мяне гэта волат ня толькі беларушчыны. Гэта волат духу, эмацыйных сілаў. Я вельмі ўдзячны лёсу, што зьвёў мяне зь Вітаўтам».

Адным словам, у поўным працоўным напоры сустракаю свой дзень народзінаў.

Яшчэ й іншыя кнігі робім. Вось Запруднік падрыхтаваў пра фэстывалі мовы й музыкі, што эміграцыя рабіла. Работы хапае інтэлектуальнай.

Вячорка: Распавядзіце падрабязьней пра даведнік?

Кіпель: Першая кніжка выйшла ў 2003 годзе – «Друк на эміграцыі», потым у 2006-м разам з Акадэміяй навук Польшчы – «Беларускі друк на эміграцыі». Мы рашылі гэтую кніжку пашырыць. Ня толькі друк. На эміграцыі было выдадзена 50 кружэлак. У 20-х гадах Варонка пачынаў радыё. Радыё было шмат. У Амэрыцы ў некалькіх гарадах, у Аўстраліі, у Францыі. Выдаваліся мэмарыяльныя капэрты. Гэты том будзе ўключаць усё, што рабілася крэатыўнага.

Цяпер мы робім значна шырэй. Мы ўключым тое, што рабілася ў краінах не кірылічнага і не лацінкавага альфабэту. Што ў арабскіх краінах, на далёкім Усходзе выдавалася беларускага. Я падазраю, у Японіі было шмат пра Судзілоўскага. Трэба паглядзець.

Вячорка: Вы кажаце «мы», хто вам дапамагае? Ці далучаюцца да працы людзі з маладой эміграцыі?

Кіпель: У асноўным я раблю зь Лявонам Юрэвічам. Але далучаюцца. Цяпер інстытут праходзіць стадыю рэарганізацыі, трэба ўнесьці зьмены ў статуце, бо назоў зьмяніўся. Ёсьць новыя сябры, іх некалькі дзясяткаў, якія заявілі ахвоту належаць да БІНІМу. Трэба распрацаваць фармуляры, уступныя анкеты. Бо тое, што ў нас ёсьць, прыстасаванае да эміграцыі ранейшай, пасьляваеннай.

Вячорка: А ці зьбіраецеся перавыдаць тое, што рабілася ў 80-х гадах, на пачатку вашае працы ў БІНІМе?

Кіпель: Гледзячы што. Манаграфічныя працы, прыкладам сэрыя «Беларускія паэты і пісьменьнікі»: Дудзіцкага, Салаўя перавыдалі на Бацькаўшчыне, плянуем перавыдаць Віцьбіча і Цэлеша. Плянуем давесьці да сёньня Скарыніяну, над якой Тумаш працаваў. Працы, якія рабіліся ў 80-х – мы іх плянуем перавыдаць на Бацькаўшчыне. Чытач наш – у Беларусі, у асноўным.

Вячорка: А з кім у справе распаўсюду на Бацькаўшчыне супрацоўнічаеце?

Кіпель: Больш за ўсё дапамагаюць Гардзіенкі – Алег і Натальля. Уладзімер Арлоў, Зьміцер Саўка дапамагалі. Шмат хто дапамагае зьбіраць матэрыял. Ёсьць людзі, якія спрыяюць.

Вячорка: А ці не спрабуеце распаўсюджваць празь інтэрнэт?

Кіпель: Ня ведаю, ці пусьцілі пэрыёдык «Запісы» ў інтэрнэт. Поўнасьцю пайшла кніжка «Беларусы ў ЗША». Першая кніга выйшла ў 1993 годзе пад рэдакцыяй Сяргея Шупы тыражом 5000 асобнікаў, разышлася. А ў 1999-м мы зрабілі англамоўнае выданьне «Беларусы ў ЗША». Яно поўнасьцю у інтэрнэце разам з тлумачэньнем. Мы плянуем, каб «Запісы» былі ў інтэрнэце.

Вячорка: Як вы ўвогуле ацэньваеце сытуацыю ў беларускай эміграцыі?

Кіпель: Калі маладыя людзі, якія пераяжджаюць на Захад, на стала ці часова, калі яны захочуць працаваць, дзейнасьць будзе працягвацца: акадэмічная і палітычная. Ёсьць цэрквы, пры якіх ёсьць грамадзкія асяродкі, усё залежыць ад людзей, наколькі яны будуць ахвочыя да працы. Энтузіязм невялікі. Але сям-там маладыя людзі ўключыліся ў працу. Нават калі адзінкі будуць працаваць, дзейнасьць будзе працягвацца. Гэтага вымагае палітычнае жыцьцё нашае нацыі. Трэба, каб на Захадзе нейкі голас быў беларускі.