Сьветлагорцы пішуць. Улады маўчаць

Каардынатар ініцыятыўнай групы па зьбіраньні подпісаў Тэльман Масьлюкоў

Звыш 10 тысяч чалавек, альбо амаль 15 адсоткаў жыхароў Сьветлагорску, падпісаліся супраць будаўніцтва ў горадзе заводу беленай цэлюлёзы.
Ініцыятыўная група накіравала подпісы ў адміністрацыю прэзыдэнта, урад, а сёньня яшчэ і ў амбасаду Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Беларусі.

Каардынатар ініцыятыўнай групы па зьбіраньні подпісаў, грамадзкі актывіст Тэльман Масьлюкоў патлумачыў, чаму ў звароце сьветлагорцаў значыцца й амбасада Кітайскай Народнай Рэспублікі:

«Адміністрацыя прэзыдэнта й Савет Міністраў — гэта органы дзяржаўнай улады, якія, хутчэй за ўсё, будуць прымаць канчатковае рашэньне наконт выбару пляцоўкі для будаўніцтва заводу беленай цэлюлёзы. А ў амбасаду Кітаю мы накіроўваем, таму што на сродкі Кітаю плянуецца будаваць завод. Мы лічым, што ў Кітаі таксама павінны ведаць пра стаўленьне мясцовага насельніцтва да гэтага будаўніцтва».

Спадар Масьлюкоў паведаміў, што на атрыманьне аднаго подпісу ў зьбіральнікаў ішло ў сярэднім 4 хвіліны. Гэта сьведчыць пра тое, наколькі балючая тэма будаўніцтва новай хімічнай вытворчасьці для гараджанаў.

Мясцовыя ўлады ў прынцыпе не перашкаджалі зьбіраць подпісы супраць заводу беленай цэлюлёзы. Адно што дырэктар існуючага цэлюлёзна- кардоннага камбінату, на базе якога плянуецца пабудаваць новы завод, скрытыкаваў зьбіраньне подпісаў ініцыятыўнай групай. Маўляў, яны паказваюць гараджанам нейкія тры радкі й патрабуюць падпісацца пад гэтымі радкамі.

Аднак, як лічыць Тэльман Масьлюкоў, не памер звароту выклікаў актыўнасьць гараджанаў:
Людзі непакояцца таму, што ў горадзе й без таго ёсьць шэраг прадпрыемстваў, якія істотна забруджваюць навакольнае асяродзьдзе.

«Людзі непакояцца таму, што ў горадзе й без таго ёсьць шэраг прадпрыемстваў, якія істотна забруджваюць навакольнае асяродзьдзе. Гэта той жа самы цэлюлёзна-кардонны камбінат, і „Хімвалакно“, і ЦЭЦ. І калі будзе пабудаваны яшчэ й завод беленай цэлюлёзы, то нельга выключаць выкідаў хлёру ў атмасфэру. А хлёр — вельмі шкоднае рэчыва, хлёр — гэта, па сутнасьці, баявое атрутнае рэчыва».

Гараджанка спадарыня Ганна, якая працавала ў сыстэме аховы здароўя, зазначае, што пляцоўка, абраная для новага заводу, знаходзіцца ў непасрэднай блізкасьці і да гораду, і да вёскі Якімава Слабада. Парушаюцца нават нарматывы стварэньня базавай санітарнай зоны, ня кажучы ўжо пра неабходнасьць прымяняць дадатковую разьліковую санітарную зону.

У Сьветлагорску й без таго ўзровень захворваньняў насельніцтва па выніках дзесяцігадовага назіраньня нашмат перавышае паказьнікі ў Менску.

Спадарыня Ганна: «Новаўтварэньні — сярэднія паказьнікі ў Сьветлагорску перавышаюць за дзесяць гадоў такія ж паказьнікі ў Менску ў 1,3 раза, хваробы эндакрыннай сыстэмы і абмену рэчываў — у 2,7, хваробы крыві й крывятворных тканак — у 2,3, ускладненьні родаў і пасьляродавага пэрыяду — у 2,2, хваробы органаў страваваньня — у 2,8 раза».

У гэтыя паказьнікі, як кажа суразмоўніца, уносіць сваю долю й экалягічная сытуацыя ў горадзе.

Хоць з моманту адпраўкі першага звароту прамінуў больш як тыдзень, аднак, па словах адпраўшчыка 10 тысяч пратэстных подпісаў сьветлагорцаў Сяргея Дайнэкі, нейкай рэакцыі з боку ўладных структураў пакуль ня бачна:

«Рэакцыі наагул ніякай. Цішыня. Як быццам нічога не адбываецца. Напэўна, яны самі для сябе яшчэ ня вызначыліся».