Фінал футбольнай Лігі Эўропы можа прайсьці на менскім «Дынама»

Саюз эўрапейскіх футбольных асацыяцый (УЕФА) прыняў заяўку Беларусі на правядзеньне фінальнага матчу Лігі Эўропы ў 2015 ці 2016 годзе.
Пра гэта паведаміў 12 красавіка старшыня асацыяцыі «Беларуская фэдэрацыя футболу» Сяргей Румас на чарговай канфэрэнцыі АБФФ.

Румас адзначыў, што ў выпадку станоўчага вырашэньня гэтага пытаньня фінал другога па значнасьці кантынэнтальнага клюбнага турніру пройдзе на полі абноўленага менскага стадыёна «Дынама». Рэканструкцыю стадыёна плянуецца пачаць у кастрычніку 2012 году і завяршыць у 2014 годзе, піша «Прэсбол».

Пасьля рэканструкцыі стадыён стане чыста футбольным і будзе адпавядаць сучасным стандартам, паведаміў старшыня АБФФ. Прычым, паводле Румаса, гістарычнае аблічча дынамаўскай арэны, знаёмае многім пакаленьням менчукоў, будзе захаванае.