26 красавіка — Чарнобыльскі шлях

Арганізатары «Чарнобыльскага шляху — 2012» мяркуюць, што на сёлетняе шэсьце 26 красавіка людзей зьбярэцца ня меней, чым на Дзень Волі.
Старшыня аргкамітэту «Чарнобыльскага шляху» прафэсар Юры Хадыка спадзяецца, што гарадзкія ўлады дадуць дазвол на акцыю:

«Мы падалі ў гарвыканкам заяўку, у якой напісана, што мы просім даць дазвол на шэсьце па першай праезнай лініі вуліцы Сурганава. Паколькі 25 сакавіка, калі сабралася ад трох да пяці тысяч чалавек, быў сапраўдны зьдзек — вымушаныя былі ісьці па ходніках, замінаючы людзям, якія там знаходзіліся, і зацягваць шэсьце. Я вельмі спадзяюся, што гарадзкія ўлады да гэтага прыслухаюцца. Бо я перакананы — людзей 26-га будзе ня меней, чым на Дзень Волі».

Заяўнікі просяць дазволіць збор на пляцоўцы каля будынка Нацыянальнай акадэміі навук з 18:00 да 18:30. Потым плянуецца шэсьце па вуліцы Сурганава да парку Дружбы народаў, дзе з 19:30 да 20:30 пройдзе жалобны мітынг. На заканчэньне акцыі яе ўдзельнікі пройдуць да Чарнобыльскай капліцы, дзе запаляць сьвечкі і пакладуць кветкі ў памяць аб ахвярах трагедыі.

На прэсавай канфэрэнцыі прадстаўнікі розных арганізацыяў акрэсьлілі свае галоўныя мэты і лёзунгі. Так, Тацяна Новікава з грамадзкай кампаніі «Астравецкая АЭС — гэта злачынства» адзначыла:

«Нашы галоўныя задачы — узьняць дзьве вельмі вялікія праблемы, якія сёньня існуюць у Беларусі. Першая — абсалютнае неапраўданае забыцьцё пра наступствы чарнобыльскай трагедыі. Трэба нагадаць людзям, што гэтыя наступствы будуць заставацца актуальнымі і небясьпечнымі на працягу сотні тысяч гадоў. Менавіта столькі будуць заставацца небясьпечнымі часьціцы плютонію, якія былі выкінутыя чарнобыльскім рэактарам.
Гэтае будаўніцтва — сапраўднае злачынства, бо яно адцягвае рэсурсы, якія можна накіраваць на рашэньне чарнобыльскіх наступстваў.

І другая праблема, пра якую мы хочам сказаць падчас „Чарнобыльскага шляху“ — гэта будаўніцтва Астравецкай АЭС і яшчэ адной атамнай станцыі. Гэтае будаўніцтва — сапраўднае злачынства, бо яно адцягвае рэсурсы, якія можна накіраваць на рашэньне чарнобыльскіх наступстваў. Гэта нейкі авантурны і абсалютна шкодны праект».

А вось прадстаўнік незарэгістраванай партыі БХД Дзяніс Садоўскі сказаў, што тэматыка «Чарнобыльскага шляху» сёлета ня будзе абмежаваная выключна экалягічнай тэматыкай:

«Надзённыя пытаньні будуць, як і заўсёды, уздымацца на гэтым «Чарнобыльскім шляху». Найперш гэта свабода палітычным вязьням. Будуць прынятыя адпаведныя дэклярацыі з заклікам да вызваленьня ўсіх палітычных вязьняў і іх рэабілітацыі. Гэты пункт мы таксама лічым адным з найважнейшых пры правядзеньні «Чарнобыльскага шляху — 2012».

Заяўку на правядзеньне шэсьця ўжо перадалі ў менскі гарвыканкам. Згодна зь дзейным заканадаўствам улады павінны паведаміць пра сваё рашэньне не пазьней як за пяць дзён да падзеі.